Звыклыя да кахання жанчыны Ведаюць, хто чаго варты, Ды права на выбар не маюць. І пастушок кучаравы, І чорнашчаціністы фаўн,— Кожны, хто выпадак зловіць,— На цела крамянае Права аднолькава маюць. Садзяцца бліжэй, Адно аднаму Плячо да пляча, Калена ў калена, Рука ў руку І песцяцца замілавана На тронных падушках, На мяккіх і пышных. Манарх не адмовіцца ад Радасцей тайных Нават пры ўсіх, На віду. Алена
Далёка я і блізка — нейкі цуд! Ды лёгка я скажу табе: я тут! Фаўст
Я сёння, нібы ў сне, я стаў нямы, Ці я жыву, ці не, — дзе ж гэта мы? Алена
Ты абнавіў мяне, ўваскрэсла я, Я ўся ў любві цяпер, я ўся твая. Фаўст
З любві вазьмі, што толькі можаш ты,— Жыццё ёсць міг — яно наш доўг святы. Фаркіяда (энергічна ўмешваецца)
На абдымкі, гулі, ласкі, На любоўныя папаскі, На ўсе казані і казкі — Мушу вам сказаць — не час! Не ўзварушаць гэтай пары Нават трубы і фанфары. Ды ўжо рушыла на нас У паход ліхая зграя Ваўкарэзаў Менелая — Зараз будзе тут якраз! Пераможа — вам няволя. Дэіфоба злая доля, Я мяркую — не для вас. Годзе цешыцца; а зрэшты, Мне ўсё роўна, як памрэш ты — Толькі ж ён тапор прыпас. Фаўст
Зноў непрыемнасці і перашкоды зноў! Я ў небяспецы не люблю гарачнасці. Благая вестка брыдзіць і прыгожага, А ты — ганец-брыда, ды дрэннай весткаю Не ўдасца сапсаваць мне самы лепшы дзень — Пустое кажаш ты, няма пагрозы нам, Калі ж і ёсць яна, — зусім не страшна мне. Сігналы, стрэлы з веж, барабаны, гукі рога, ваенная музыка; чуецца набліжэнне вялікага войска.
На бітву, слаўныя дружыны, Герояў непахісных раць! Бо варты толькі той жанчыны, Хто йдзе яе абараняць! (Да военачальнікаў, якія выходзяць з каланады і набліжаюцца да яго.)