Яны ўбароняць ад захопу Умацаваны царскі двор, І гэты край, і ўсю Еўропу, Спалучаныя стужкай гор. Шчаслівы край! Усе плямёны Тут у раі жывуць здаўна! Алены край багаславёны, Тут нарадзілася яна. Сястру, братоў і ўсіх у родзе Красой яна пераўзышла, Калі ў чароце на Эўроце, Як лебядзёўна, ў свет пайшла{233}. І краю ў яркім пышным цвеце, Табе пакорліваму зноў, Адзінаму на белым свеце Ты аддавай сваю любоў. Няхай праменне і не вельмі грэе Крутой гары сівую галаву, Але сям-там на схілах зелянее,— І козачка паскубвае траву. Ніжэй — цурчаць крыніцы, стужкі рэчак Іскрацца ў зелені густой травы, І тысячагаловы гурт авечак Спяшаецца на выпас лугавы. Пасуцца быдла свойскага атары Над прорвамі на кручах вольных гор — Хлявы ім не патрэбны і кашары, Калі навокал тысячы пячор. Тут храм прыродны Пана, тут раздолле Гарэзам-німфам ў дзікім гушчары, Дзе дрэваў векавых густое голле Калышацца шумліва на вятры. Адвечны дрэмле лес сівы, дрымучы! Лагодзіць сэрца мяккі халадок Дубровы водарнай на дзікай кручы; Зямных крыніц бруіць гаючы сок. Плыве пад шатамі лясной дрымоты Малочных ручаінак сырадой… Ніжэй — сады цяністыя, гароды Мядзвянаю прапахлі смакатой. Народ здаровы тут, на белым свеце Няма нідзе такіх румяных шчок, Нібы ашчасціла само бяссмерце Усіх сыноў тутэйшых і дачок. Тут чалавек, як бацька клапатлівы, Заўсёды ў дзецях вечніць сваю кроў, І я не ведаю, ці на зямлі вы, Ці, можа, вы сышлі пад райскі схоў. І Апалон тут пасвіў коз чароды, Сам — дасканаласць ён і прыгажосць; У харастве і чысціні прыроды Заўсёды лучнасць чыстых сэрцаў ёсць.

(Садзіцца поруч з Аленай.)

Багі ў адзнаку ўзнагароды Табе прывабнасць аддалі, Каб ты няшчасці і нягоды Магла нам скрашваць на зямлі. Ганебна ў замкавым палоне Няволіць гордую газель! Табе — Аркадзіі улонне! Табе — нектарная купель! Нас клічуць вольныя паляны У край бясхмарнай пекнаты, Там у лясны шацёр лісцвяны Царыцай шчасця ўвойдзеш ты!
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату