І вось яна даецца ў рукі мне!

(Пасылае герольдаў выклікаць на бой самазванца.)

У ваходзіць Фаўст у латах і ў шаломе з прыспушчаным забралам. Трое Дужых, узброеныя і апранутыя, як у папярэдняй сцэне.

Фаўст

Пачатак добры маем — з ласкі бога! І пэўнай справе трэба засцярога. Душой і сэрцам горцы — мастакі, Таму і лёгка ім чытаць прыроду, І што ў цяжар раўніннаму народу, Дык горцам — як само ідзе з рукі. Сярод уцёсаў горных і правалаў Яны адкрылі залежы металаў І ў кузнях, неўтаймоўныя заўжды, З расплаўленай на вогнішчы руды Гатуюць сумесі, рыхтуюць газ, Каб новае адкрыць. Не першы раз Гаспадары пячор і скалаў Ствараюць цуды з рэдкіх мінералаў І праз крышталь празрысты і маўклівы Усе на свеце бачаць цуды й дзівы.

Імператар

Я чуў, адважны муж, што ты сказаў, Але ўжо час нам перайсці да спраў.

Фаўст

Твой прыяцель — нурсійскі некрамант{246} Ён твой слуга надзейны і гарант. Згадай: калі агонь смаліў паленні І ўжо лізаў варажбіту калені, Тады не бог альбо нячысты дух, А ты яму рассек пакут ланцуг. Дык хай вялікасць ваша прыме Падзяку за выратаванне ў Рыме. Забыў сябе ён з той гадзіны, І клопат у яго цяпер адзіны, Каб ты не быў ніколі ў горы, Каб дзеянням тваім спрыялі зоры. Паслаў ён нас крывёй служыць і потам І быць табе апорай і аплотам. Павер, што тупасць цэрквы меж не знае,— Разумны чын вядзьмарствам называе.

Імператар

Вітаць бы мы жадалі найчасцей У радасныя дні гасцей. Але стакроць хай будзе пахвалёны, Хто з дапамогаю у час шалёны, Каб не пакінуць у ліхой бядзе, Як лепшы прыяцель ідзе, Той, хто без страху і вагання За нас ідзе ў агонь змагання. Але прашу пакуль не агаляць мячы — Яшчэ паспеем ворагаў сячы, Расправіцца са здраднікам паганым. Павінен я ацэнку даць вайсковым планам. Я так хачу! Вам гэта кажа цар — Ваш палкаводзец і ўладар! А самазванца, што ўзмуціў народ, Я растапчу, а з ім — ягоны зброд! Каб ведалі наперад — не дазволю Васалам папіраць царову волю.

Фаўст

Прыемна ворагу адсекчы галаву, А падстаўляць сваю пад булаву Ці ёсць, мой пане, рацыя, рахуба? — Яна ж нам цэлая куды больш люба. Навошта цела нам без галавы? Яна засне — тады і цела спіць, Яна баліць — і ў целе ўсё баліць, Яна здаровая — здаровы й вы! Вось тут якраз рука сваё вяршыць: Падыме шчыт, каб сэрца засланіць, Пасля ж ускіне грозны меч, Удар! — і галава злятае з плеч. І вось ужо здаволены герой На грудзі ворагу ступіў нагой!
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату