Імператар

Няхай наш дагавор непарушальны будзе — На вечныя часы запішам у статуце: З маёмасцю сваёй вы вольны ўсё рабіць З адной умоваю — надзелу — не дзяліць. Каб кожны спадчыну пасля сябе пакінуў Старэйшаму з дзяцей ці спадкаемцу сыну.

Архіепіскап

Я на пергаменце накрэслю гэты ўказ: Ён на карысць дзяржаве, ён мацуе нас. Хай канцылярыя рыхтуе тэкст уставы, Ты ж подпісам сваім усе змацуеш справы.

Імператар

Цяпер ідзіце і прачуйце глыбіню, І змест, і сэнс таго, што я чыню.

Свецкія князі выходзяць, архіепіскап, як асоба духоўная, застаецца і гаворыць з пафасам.

Архіепіскап

Твой канцлер прэч пайшоў, епіскап тут застаўся. Я сёння праз цябе, ўладар, усхваляваўся, Трывога ўслед за мной ідзе, нібыта цень.

Імператар

Трывога ў гэты дзень, у пераможны дзень?

Архіепіскап

На мой вялікі жаль, трыумф і перамога У змове з сатаной — адступніцтва ад бога. Ты ўмацаваў прастол, аднак жа не навек! Якой цаной! Аддаў ты госпада на здзек. А ці ўяўляеш гнеў, з якім свяцейшы папа Карае за грахі нявернага сатрапа? Ён не забыў яшчэ, як светлы дзень надзей, Дзень каранацыі, зняславіў чарадзей, Як промень міласці твае ў дзень урачысты Перахапіў вядзьмар, пракляты і нячысты. Ты вызваліў яго, забыўшы божы суд,— Цяпер катуй сябе, уведай боль пакут! Яшчэ ты маеш час паслабіць повязь збродні, Аддаўшы за віну трафей на храм гасподні. На тым узвышшы, дзе князь цемры і маны На добрых хрысціян выкоўваў кайданы, Дзе сатана збіраў на шабасныя сходы Прыслужнікаў сваіх нячыстае пароды,— Там дабрачынна ты ўзвядзі высокі храм. Ды не забудзь пасля святым аддаць айцам І пашы, і лясы, і рыбныя азёры, Багатыя рудой яшчэ аддай ім горы, Дубровы і лугі, дзе звонкі плёск крыніц, На збудаванне там бажнічак і капліц. Дар бескарыслівы акупіць грэх дазвання, І зможаш вымаліць ты ўрэшце дараванне.

Імператар

Ва ўсім я каюся, убогі божы раб, Вялікі грэх мой змер на свой святы маштаб.

Архіепіскап

Ачысцім перш зямлю ад грэшнага насення, Святы збудуем храм у гонар узнясення! Хай сонечны прамень, праглянуўшы з-за гор, Сустрэне першы ён. Я чую ўжо, як хор Тварцу хвалу пяе, і бачу вокам пільным, Як пад скляпенні ўжо ўсплывае дым кадзільны, Як абуджае ўсю парафію званар, Як божых чад натоўп ступае на цвінтар. Ты дабрачынны люд найболей ашчаслівіш, Калі царкву сваёй прысутнасцю ўпачцівіш.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату