Як іх стрэў я першы раз. Людзі шчырыя! Мо ў дзверы Ціха стукнуць? Завітаць? Мо яшчэ ў святым даверы Рады вы дабром прыняць? Баўкіда (вельмі старая бабулька)
Ціха, не будзі яго ты, Хай стары мой адпачне, Ад нялёгкае работы Набярэцца сілы ў сне. Вандроўнік
Помніш? Ты мяне калісьці З мужам разам, як магла, Не шукаючы карысці, Даглядала, берагла. О Баўкіда! Ледзь жывога Адхадзіла ты мяне. Уваходзіць дзед.
Філемон! Твая падмога Скарб вярнула з мора мне. Ваша ўгледзеў я акенца І пачуў званы царквы. Ратавальнікі тапельца — Вы адны і толькі вы. Дайце ж зноў мне падзівіцца На ўзбярэжжа і прыбой, Пакланіцца, памаліцца, Мір адчуць усёй душой. (Ідзе па дзюне.)
Філемон (да Баўкіды)
Ты рыхтуй ідзі ў камору — Стол накрый і прыбяры. А мы вернемся да мора, Паглядзім на цуд згары. (Стоячы поруч з вандроўнікам.)
Глянь: дзе хвалі ў бераг білі, Там цяпер пад небакрай Скрозь садоў панасадзілі І зрабілі чысты рай. Ратаваць ужо нязмога, Адышлі мае гады, Моц пакінула старога, І няма ўжо тут вады. Клалі грэблю тут, капалі Чэлядзь рупная і пан, Са стыхіяй ваявалі — І скарыўся акіян. Бачыш вёску, ніву, пашу, Там лясок, тут хутарок. Ну, хадзем жа ў хату нашу, Бо ўжо сыра, бо ўжо змрок, Ужо ў небе ззяюць зоры. Завітаў ты ў дзіўны час: Нібы лебедзі, па моры Ветразі плывуць да нас. Мора, бач, ужо далёка Ад хаціны адышло, А вакол, як бачыць вока — Чалавечае жытло. Баўкіда (да вандроўніка)
Што панурыўся? маўклівы? Пачастуйся, выпі, з’еш! Філемон
Хоча ведаць ён пра дзівы,