Чырвоная пабегла мыш. — Гётэ запазычыў гэты вобраз з «Антрападэмуса» Прэторыя: «У ведзьмы, калі яна спіць, з рота выскоквае чырвоная мыш», калі памірае — выскоквае шэрая мыш.
Напэўна, чуў ты пра Медузу міф. — Медуза Гаргона — у антычнай міфалогіі істота, якая сваім паглядам ператварала людзей у камень. Персей адсек ёй галаву, гледзячы ў люстэрка.
Кіпіць разгулам, радасцю наш Пратэр. — Пратэр — славуты гарадскі парк у Вене.
Servibilis (лац. servis — слуга) — чалавек, які навязваецца са сваімі паслугамі.
Інтэрмедыя напісана ў 1797 г. Яна вынікла як працяг напісаных разам з Фрыдрыхам Шылерам сатырычных эпіграм «Ксеніі», якія выклікалі вялікі перапалох у лагеры літаратурнай рэакцыі. «Сон у ноч Вальпургіі» нагадвае шэкспіраўскі «Сон у летнюю ноч» (адсюль узяты і некаторыя персанажы: Аберон і Тытанія — цар і царыца эльфаў, Пук — эльф, смяшлівы дух; Арыель — светлы дух паветра, паходзіць з драмы Шэкспіра «Бура»).
Сыны Мідынга. — Мідынг (1725–1782) — рэжысёр веймарскага тэатра, на смерць якога Гётэ адгукнуўся элегіяй.
Аркестр tutti (fortissimo) (іт.) — увесь аркестр, вельмі гучна.
Дух, які толькі фармуецца. — Паэт, які не мае свайго голасу.
Парачка — сааўтары-няўдальцы.
Цікаўны падарожнік. — Маецца на ўвазе Хрысціян Фрыдрых Нікалаі.
Артадокс — «прававерны», рэакцыйны пісьменнік Фрыдрых Леапольд Штольберг (1750–1819), які з пазіцый каталіцызму рэзка выступаў супраць верша Фрыдрыха Шылера «Багі Грэцыі».
Паўночны мастак — відаць, сам Гётэ.
Пурыст — «захавальнік чысціні», прыхільнік псеўдакласіцызму.
Флюгер. — Пад Флюгерам розныя каментатары разумеюць графа Фрыдрыха Леапольда Штольберга і кампазітара Ёгана Фрыдрыха Рэйхарта (1752– 1814).