Эрыхта — фесалійская чараўніца, якая нібыта прадказала рымскаму палкаводцу Пампею (107—48 да н. э.) паражэнне ў барацьбе за ўладу ад Юлія Цэзара (100—44 да н. э.).
Я ў Грэцыі і, як Антэй, стаю. — Антэй — сын зямлі (Геі) і мора (Пасейдона), які чэрпаў сілу, дакрануўшыся да зямлі.
А сфінксы й грыфы — не па нас… — Сфінксы — казачныя істоты з лапамі льва, тулавам сабакі, галавою і грудзьмі жанчыны. Грыфы — міфічныя звяры з арлінымі крыламі і галавою, з тулавам льва; ахоўнікі скарбаў.
Мурашкі-волаты — міфічныя золаташукальнікі, будавалі з золата падземныя палацы. Упамінаюцца ў Герадота (485–425 да н. э.).
Ды арымаспы ж высачылі нас. — Арымаспы — легендарныя аднавокія людзі скіфскага племені, яны нібыта выкрадалі назапашанае грыфамі золата.
The old Iniquity (англ.) — старая крыўда; назва д’ябла ў англійскай пратэстанцкай літаратуры.
Дай мне шараду…/А Зеўсу — як забава проста. — Напамін пра фіванскага сфінкса, які загадваў падарожніку загадкі і забіваў яго, калі той не адгадваў. Адгадка загадкі Мефістофеля — д’ябал. Зеўс, як найвышэйшае боства, стаіць над дабром і злом.
Сірэны — паўптушкі-паўжанчыны, якія занаджвалі людзей сваімі спевамі.
Эдып калісьці з імі гаварыў.— Эдып — міфічны фіванскі цар, які разгадаў загадку сфінкса.
А іх Уліс перахітрыў.— Уліс (Адысей) — гамераўскі герой, воін, падарожнік.
Бо Геркулес забіў апошніх з нас. — Геркулес (Геракл) — міфічны герой, які здзейсніў дванаццаць подзвігаў.
Прасі парады ты ў Хірона. — Хірон — мудры кентаўр (паўчалавек-паўконь).
То зграя шумных стымфалід. — Стымфаліды — міфічныя птушкі з меднымі крыламі, пер’ем і дзюбамі, якія жылі над Стымфалійскім возерам у Аркадзіі; іх знішчыў Геркулес.
Хай не палохаюць галовы/Лернейскай вычварнай гадзюкі.— Лернейская гідра — міфічная пачвара, дзевяцігаловая змяя; яе забіў Геркулес.