Са слоў будуюцца сістэмы, Нам слова трэба паважаць, Ні ў якім разе не скажаць.

Вучань

Даруйце, што настырна прыстаю, Але прасіць асмельваюся вас Мне думку выказаць сваю Пра медыцыну — пару фраз. За тры гады збярэш няшмат — Не абысціся, знаю, без парад, Тут без падказкі не ўладкуеш справы, Наперад ні на крок не рушыш.

Мефістофель (сам сабе)

Ну, годзе, у мараль залезлі мы па вушы ж, Вярнуся да будзённае забавы.

(Уголас.)

Дух медыцыны просты, ясны: Вялікі і малы спазнайце свет, І хай усё ідзе на лад уласны, На богам вызначаны ступіць след. Свой арганізм навукаю глуміць Няма чаго, дапытлівы мой друг, Хто ўмее момант ухапіць — Той і мастак і зух! У вас пастава ёсць, манеры, Вы храбры, спрытны, далікатны, А хто ў сябе паверыць здатны, Той стане ідалам чужое веры. Адметны такт патрэбен да кабет — Жанчынам трэба ж кавалеры! На ўсе іх «вохі», «ахі», енкі Заўсёды медык знойдзе лекі: Ім дапаможа тытул ваш, дыплом, Хоць будзьце вы асёл аслом. А ў вас ёсць нейкі ўсё ж запас. Тут нават дурню карты ў рукі: Вы возьмеце сваё за раз І з пацыенткі і з навукі — Праверце пульсік у паненкі, Пасля абстукайце каленкі, А там, прыветлівы, паслужлівы, прывабны, Абвіце спрытна станік зграбны: «Ах, ясачка, анёл нябесны, На вас гарсэцік ці не цесны?»

Вучань

Якраз, што трэба мне. Наш брат умее…

Мефістофель

Тэорыя — сухая, дружа мой, а дрэва Жыцця заўсёды пышна зелянее.

Вучань

Я нібы ў сне! То ж гэта трэба! А ці не можа пан згадзіцца, Каб я прыйшоў яшчэ раз павучыцца?

Мефістофель

Усім, што маю, рады падзяліцца.

Вучань

Я не магу пакінуць гэты дом, Не папрасіўшы, мне ў альбом, Каб лепш адзначыць першую сустрэчу, Што-колечы ўпісаць.

Мефістофель

                               Я не пярэчу.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату