Замкі далоў! Прыйду я ноччу. Замкі далоў! Вазьму красу дзявочу. Замкні пад ранак на пацямочкі, Бывай, каханка! Бывай да ночкі!

Зібель

Ну-ну! Спявай, хвалі, грымі ў званы — Яшчэ ад рогату парву бакі я! Каханкі нашы — ўсе яны такія: Не могуць жыць без здрады і маны. Хай бабай цешыцца лясун, Няхай казёл — да коз ласун — На скрыжаванні для яе «Дабранач, бубачка!» — бляе. Бо дзеўцы хлопец бравы, шустры Кавалак ці не надта тлусты? Ёй лепш з вітаннем заадно Шалёхнуць камень у акно.

Брандэр (грукаючы кулаком па стале)

Фу! як вульгарна! Мілы збродзе, Крыху пагрызліся — і годзе! З каханкай вам не навіна Тырчаць пад плотам давідна. Паслухайце, я вам сваю Таксама песеньку спяю, На модны крой яна. А вы як след За мной падцягвайце куплет.

(Спявае.)

Улез пацук аднойчы ў клець, Жывіўся салам, здорам, Распасвіў чэрава, што мець І Лютэру не сорам. Яму атруты да нары — Кладзі хоць лапкі дагары, Як бабніку якому.

Хор (натхнёна)

Як бабніку якому!

Брандэр

Забегаў ён угору, ўніз, Ваду піў з кожнай лужы, Падлогу скроб і сцены грыз, Звярэў, як чорт за душы, Шалеў, пішчаў ён, як вар’ят,— Жыццё яму — ну, акурат Як бабніку якому.

Хор

Як бабніку якому.

Брандэр

Адчуў — прыходзіць здыхата, І шусь! — на кухню шпарка, Ляціць кулём, а тут пліта. І крыкнула кухарка: «Ага, ласунчык дарагі, Такі табе канец благі, Як бабніку якому!»

Хор

Як бабніку якому!

Зібель

Не баіцеся кары лютай! Хіба няма вам іншых штук, Як пацукоў марыць атрутай!
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату