Брандэр
За кума стаў табе пацук? Альтмаер
Што возьмеш з лысіны дурнога! Яму, бач, песня не ў руку, Бо ўбачыў сам сябе самога У гэтым здохлым пацуку. Уваходзяць Фаўст і Мефістофель.
Мефістофель
Найперш, каб звыкнуцца памалу, Прыгледзься лепей да кагалу: Жывуць без лішніцы заўзята, Народу гэтаму што дзень — то свята, Да жартаў толькі ім ахвота. І круцяцца яны гуртом, Бы кацяняты за хвастом, У скоках гойсае галота. Далі па чарцы напавер, Дык на зямлі ім рай цяпер. Брандэр
Тулягам, думаю, наўме З дарогі доўгай адпачыць За кубкам піва добрага ў карчме? Фрош
І праўда! Як наш Лейпцыг не любіць, Парыж малы — на ўсіх людзях тут свой адбітак. Зібель
А хто яны? Чаго ім трэба ў нас? Фрош
Дазвольце толькі мне! Я пуншу папрашу. Па шкляначцы і ўраз Ім хітра выверну душу. Відаць, блакітнае крыві паны, Бо надта ж фанабэрацца яны. Брандэр
Ат, пустабрэхі, трапачы! Альтмаер
Магчыма! Фрош
Зараз ім расклею рот! Мефістофель (Фаўсту)
Не чуе чорта гэты зброд, Хоць іх рагамі казычы. Фаўст
Салют, панове! Зібель