Канаю ўжо! Сказаў — аж бач, З касою смерць адразу тут. Пакіньце, бабы, енк і плач — Скажу я слова, добры люд.

Усе абступаюць яго.

Сястрыца, розум твой дзіцячы,— Ты, ўцех шукаючы і ўдачы, Ліхія выбрала шляхі. Скажу адно, а ты паслухай: Калі зрабілася ўжо шлюхай, Дык адкрывай свае грахі.

Грэтхен

Браточак! Што ты! Божа мой!

Валянцін

Маўчы, хоць богу дай спакой. Ты добра ведаеш сама: Што страчана, таго няма. З адным круціла ты залёты, Дайшлі другія да ахвоты, А як за тузін запаўзе, Ўвесь горад будзе на чарзе. Складаныя шляхі аблуды: Употай крадзецца яна, Хаваючы свой твар усюды, Заўжды, з відна і да цямна. Спярша яшчэ ў ёй сілы мала; Пасля ж расце і, як назло, Выходзіць голай на святло, Хоць прыгажэйшаю не стала. І чым страшнейшая з аблічча, Тым бессаромней яна кліча. І прыйдзе, прыйдзе час той хутка, Калі табе сумленны люд За твой падман і брудны блуд У вочы плюне, прастытутка! Пашэрхне сэрца, як кара, Калі хто гляне, і адмовяць Насіць каралькі, і на споведзь Не пойдзеш больш да алтара, Не пакрасуешся сукенкай, Не будзеш мілаю паненкай — Юродкаю паміж калек Ганебна дажывеш свой век; Хай богам ты і не праклята, Але прымі пракляцце брата!

Марта

Не праклінай, пабойся бога, Твая ўжо смерць каля парога.

Валянцін

Каб растаптаць я толькі мог Цябе, распусная гадзюка, Была б то лепшая зарука, Што мне грахі даруе бог.

Грэтхен

Якая мука! Братка мой!

Валянцін

Паплач, паплач за сорам свой! Яго ты ўжо даўно згубіла І брата ганьбаю забіла. Салдацкі гонар я збярог, І мне суддзёй — хай будзе бог.

(Памірае.)

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату