Жыву, як у турме! Сама сябе не бачу І плачу, плачу, плачу, Ах, боль мне грудзі рве! Калі сягоння кветкі Табе збірала я,— Гарачая лілася На дол сляза мая. Калі ў маю камору Ў акно прамень зірнуў, Мяне застаў у горы, Мяне застаў адну. Ратуй ад ганьбы, лёсу злога, Заступніца, Пакутніца, Нясі мой боль да бога.

Ноч{73}

Вуліца перад домам Грэтхен.

Салдат Валянцін, брат Грэтхен

Валянцін

Акружаны з усіх бакоў Ардою п’яных дружбакоў, Сяджу, бывала, у карчме, Дзе кожнаму адно наўме — Каханку выхваліць сваю, Я слухаю і моўчкі п’ю, Кручу, падбочыўшыся, вус,— Бо не хвалько я і не хлус. Укіну чарку за сяброў, Скажу: «У кожнага свой густ, Кахай, гуляй і будзь здароў! Але знайдзіце мне дзяўчат Такіх, каб з Грэтхен сталі ў рад!» Тут шум, тут вэрхал, стукат, грук: «Ён праўду кажа, наш сябрук! Такой нідзе няма красы, Такая ўсім утрэ насы!» Хвалькам адразу як затне, Як ні круці — што не, то не! …А тут — насмешкі, жарты, кпіны, Атрута плётак, пырскі сліны; Калі на плечы ўзлезе гора, Лайдак апошні ў вочы пора. Сяджу ўвесь час напагатове, Лаўлю намёк у кожным слове. Тут нават хоць касцямі ляжаш, Хлусам нічога не дакажаш. Але!.. Каго нясе там ліха? Аж двое нават… Ціха! Ціха! — Калі панадзіліся ў госці, Пераламаю гіцлям косці.

Фаўст і Мефістофель.

Фаўст

Як там, святло лампадкі праз акно Цячэ ў густую цемру ночы, Чым ён жыве, яе спакой дзявочы, Праз шыбу з цемры не відно. Душа мая ў зачараванай багне.

Мефістофель

Ну, а ў мяне настрой, нібы ў ката, Калі на дах яго пацягне Чароўнай кошачкі цната, А ў думках толькі дабрата: Душа гульбы марцовай прагне, Аж загадзя каўтаю сліну. Праз дзень пазбаўлюся ярма — І вуды ўжо на шабасе закіну:{74} Там недаспіш — дык недарма!

Фаўст

Ці бачыш, скарб свіціцца з лёха? Дастань яго — чарцям так лёгка.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату