Фаўст, Мефістофель, Блакітны светлячок (спяваюць па чарзе)
Вось у сферу сноў і чараў Мы ўвайшлі, як мне здаецца: Дык праводзь нас між абшараў. Кожны з нас даўно імкнецца Зведаць край пусты і дзікі. Глянь, як гэты лес вялікі Міма нас назад сплывае, І гара свой горб схіляе, Скал грувасткія насы Чмышуць сонна на лясы.{85} І гарамі і лясамі Ручаіна ўслед віецца. Ці то спеў, ці хто смяецца, Можа, радасць, можа, скруха Ці ўспаміны душаць глуха, Можа, цьмяны вобраз духа Мчыцца ўдалеч лёгкім ценем За каханнем-летуценнем? Шалясціць трывожна хвойка… Сыч, і кнігаўка, і сойка Правяць у начы маленні: У карчах сядзяць рапухі — Даўгалыгі-таўстабрухі — Лезе змеямі карэнне Праз пясок і праз каменне Пад калені і пад локаць, Каб сурочыць, каб спалохаць, Смокчуць сокі з дрэваў чагі, На дарогу пруць карчагі, Ад стагноты пухнуць нетры, Гул праносіцца ў паветры. Баль спраўляюць пацукі. Замільгалі светлякі Прад вачмі хімерным роем, Заступаюць шлях героям. Ці мы збіліся з дарогі, Ці сумеліся з трывогі? Стогне ўсё, шалее, вые: Дрэвы, горы, кручы, скалы. Як пачвары-зубаскалы, Здані, прывіды начныя. Мефістофель
Дык ідзі ж за мной пакорна. Мы ў гарах, дзе бляск і звон, Дзе навокал змрочна, чорна, Дзе пануе цар Мамон. Фаўст
Як дзіўна льсніцца праз даліны Унізе цьмяная зара, Зганяе морак у цясніны, Як прывід кожная гара. Тут вецер чадны хмары пеніць, Там промень вырваўся з імглы, То тоненькім цурком струменіць, То б’е крыніцай са скалы, То мноствам жылачак барвяных Лагчыну краскамі затчэ, То зноў у прорве гор крамяных Ракой магутнаю цячэ, Тут пырскі іскраў пад нябёсы Пясочкам сыпле залатым, А там узносяцца уцёсы, Румяняцца рабром крутым. Мефістофель
Напэўна, к святу ягамосьці Раззалаціў Мамон палац? Шчаслівы той, хто зведаў Гарц! Але я чую — блізка госці. Фаўст
А вецер, вецер так і б’е, Лупцуе ў плечы бізунамі.