Ляціць рыззё, вядзьмацкі пух! — Пануе скрозь чартоўскі дух! Сачы, каб нас не разлучылі! Ды дзе ж ты?

Фаўст (здалёк)

                    Тут!

Мефістофель

                          Цябе не задушылі? Бяруся за правы гаспадара! Дарогі Фоланду!{89} Дарогі, смерды! Сюды, мой доктар, бо не толькі смертны, Але і я ўжо бачу, што пара Занудам гэтым даць дарогу. Там збоку ў зарасніку глогу Агеньчык дзіўны скача праз кусты — Хадземце лепей, дружа мой, туды.

Фаўст

Дух адмаўлення! Ці ж не ты. Цягнуў мяне на чортаву гару? Я ўвесь дрыжу, я ўвесь гару, А ты мне кажаш лезці пад кусты?

Мефістофель

Глядзі, ля вогнішча на траўцы Таўкуцца спрытна марнатраўцы. Між іх нам будзе весялей.

Фаўст

А можа, пойдзем лепш далей: Там жар гарыць, там дым руды, Натоўпы пруць да сатаны, Бо ўсе разгадкі там. Туды!

Мефістофель

Там больш загадак і маны. Хай свет вялікі весяліцца, Нам лепей збоку прымасціцца. Заўжды адно: цяпер і ў час былы Вялікі свет стварае свет малы. Там бачу голенькіх дзяўчат, Старыя ж захінаюць цела; Будзь ветлівы, трымайся смела — Турбот не вельмі, толку шмат. Я чую інструмента голас зычны — Пракляты скрып! Назойлівы, нязвычны. Хадзем са мной у грамаду. І я ў хаўрус цябе ўвяду — Ты будзеш свой на шабаснай гары! Глядзі і радуйся: паўсюль кастры, Абдымкі, скокі, выпіўка, жратва — Павер, што лепш бывае чорта з два!

Фаўст

Чыё аблічча прымеш ты ў іх коле — Ці чарнакніжніка, ці сатаны?

Мефістофель

Інкогніта з’яўляцца звыкся болей, Аднак жа ў свята носяць ордэны. «Падвязка» з моды выйшла, не нашу, Дык я капыццем конскім пафаршу. Ты бачыш слімака? Прыпоўз, наставіў рогі, Глядзіць, аж зрэнкі вылупіў слімак, Мае ўжо паабнюхваў ногі — Пад маскай не схаваешся ніяк. Хадзем са мной! Трымайся хватам! Ты будзеш маладым, а я, вядома, сватам.

(Падыходзячы да групы старых, якія сядзяць каля вогнішча.)

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату