Проктафантасміст

Вы тут яшчэ? Не, сіл маіх няма! Прэч! Прэч! Тлумачыў вам, а ўсё дарма, Нячысцікі, трымайцеся свайго напрамку,— А вы прыматкабожыліся ў замку!{92} Ах, столькі чорта ганьбіў я, а ўсё дарма! Балюе чорт! Не, сілы больш няма!

Прыгажуня

Ты нам абрыд, назола, кінь бурчаць.

Проктафантасміст

А я скажу, няма чаго маўчаць — Мне духаў дэспатызм не даспадобы, Ён мне, як немач у вантробы.

Скокі не спыняюцца.

Вас, пэўна, не схілю служыць дабру, Але я веру ў поспех гэтай справы, Я веру — прыйдзе час трыумфу, славы, Калі паэтаў і чарцей угавару.

Мефістофель

Вось у калюгу зараз сядзе зноў — Так ён усе свае хваробы лечыць; Пасмокчуць п’яўкі тоўстае гузно, І выйдзе дух з яго, і выйдзе нечысць.

(Фаўсту, які выйшаў з кола.)

У дзеўкі на любоў ахвота — Чаго ж упрочкі ты бяжыш?

Фаўст

Калі яна спявала, з рота Чырвоная пабегла мыш.{93}

Мефістофель

І толькі той бяды і зла? Абы каб мыш не шэрая была,— На драбязу ў любові не глядзіш!

Фаўст

Пасля ж убачыў…

Мефістофель

                         Што?

Фаўст

Ты толькі глянь: Дзіця прыгожае ў няяснай далі Павольна праплывае, нібы здань, Нібы яго ў калодкі закавалі. Паведаю тугу сваю: Я ў здані Грэтхен пазнаю.

Мефістофель

Забудзь — не Грэтхен гэтае дзіця; Там прывід, цень — у ім няма жыцця. Хто з ім сустрэнецца, адразу згіне: Зірне — у жылах кроў застыне, Акамянее чалавек уміг — Напэўна, чуў ты пра Медузу міф.{94}
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату