'Гервазы там! '- у галаве Суддзі мільгнула.

'Нічога,- Граф сказаў,- нас будзе зараз болей,

Здавайцеся, Суддзя, лепш зразу мне ў няволю!'

Надбег Асэсар з крыкам: 'Арышт за знявагу!

У імя імператара, аддай, Граф, шпагу,

А не - ваенную паклічу дапамогу!

Я арыштую вас! Бо хто зайшоў дарогу

Ці ўночы нападае, вінен, згодна ўказу

Ад...' Граф ударыў плазам цераз твар, і зразу

Асэсар моўчкі бухнуўся ў траву з ног збіты.

Ўсе думалі, што ранен быў ці мо забіты.

'Відаць,- сказаў Суддзя,- забойства пачалося!'

Завойкалі кругом, а больш за іншых Зося:

Яна дала, Суддзю абняўшы, крыкам волю,

Нібы яе жыды іголкамі паролі.

Тым часам Талімэна ўбегла паміж коней

І к Графу заламаныя ўзняла далоні.

'На гонар твой!- ускрыкнула ад слёз жалосна,

З распушчанай касою, выгнутая млосна,-

На ўсё святое, што ў душы і сэрцы носяць!

Ці ж нам адмовіце, пан Граф? Вас дамы просяць.

Бязлітасны, перш нас забі рукою ўласнай!'

І тут, самлеўшы, ўпала. Скочыў Граф к няшчаснай,

Задзіўлены, збянтэжаны такою сцэнай.

'Ах, панна Зося,- мовіў,- пані Талімэна!

Крывёй бяззбройных я не спляміў рук ніколі.

Сапліцы, слухайце! Вы ўсе ў мяне ў няволі.

Вось так зрабіў я і ў Італіі далёкай,

Між гор Сіцыліі ля скал Бірбанта-рокка:

Заняўшы лагер банды, збройных мы пабілі,

Бяззбройных жа ў палон адразу захапілі.

Яны трыумф мой упрыгожылі прыкметна,

Пасля павесілі мы іх ля спускаў з Этны'.

Шчасліва здарылася для сям'і Сапліцаў,

Што Граф на лепшых конях змог паклапаціцца,

Каб першаму прыбыць, бо рэшта шляхты ў пыле

Цягнулася за ім не бліжай як за мілю.

Атрад жакеяў, што скакаў за ім па-парна,

Адзінкай быў у значнай меры рэгулярнай,

А шляхта рухалася так, як хто захоча,

Была яна натоўпам вешаць, біць ахвочым.

Граф часу меў даволі, каб абдумаць справы

І бой правесці так, каб быў ён бескрывавы,-

Загадвае у доме зачыніць Сапліцаў,

І ля дзвярэй з жакеяў варце размясціцца.

Аж 'Гэй, граміць Сапліцаў!'- рвецца шляхта бурна,

Двор вокал акружае і займае штурмам,

Бо правадыр забраны, войска паўцякала,

Ды шляхта ўсё йшчэ ў злосці ворага шукала.

Не ўпушчаныя ў двор, бягуць на фаліварак,

У кухню. Толькі ўскочылі, а тут пах скварак,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату