Агонь прытушаны і стравы водар свежы
Ды від сабак, што дагрызалі рэшткі ежы,
Мяняе думкі ўсіх, бярэ за сэрцы дзесьці,
Гнеў студзіць і распальвае патрэбу есці.
Нарадай стомленыя, доўгаю яздою,
'Гэй, есці!'-згоднай закрычалі грамадою.
А там зноў 'піць' пачуўся вокліч, і нарэшце
Крычаць два хоры: тыя - 'піць!' а тыя - 'есці!'
І голас рэхам рвецца, а куды даходзіць,
Аскому ў вуснах, голад нестрыманы родзіць.
На даны з кухні знак, забыта ўміг змаганне,
І армія ідзе на фуражыраванне.
У дзверы да Суддзі Гервазы рваўся ўпарты,
Ды мусіў адступіць, стрыманы графскай вартай.
А як адпомсціць зброяй стала немагчыма,
Успомніў пра нашэсця мэты і прычыны.
Як чалавек практычны, даў сабе заданне
Легальна і фармальна ўвесці ва ўладанне
Сягоння Графа. Вознага вакол шукае,
Ўканцы з дзіры якойсь яго вывалакае,
Схапіўшы за каўнер, і цягне ўміг на людзі.
Там, вастрыё Сцізорыка упёршы ў грудзі,
Гаворыць: 'Граф вас просіць, паважаны пане,
Зрабіць аб'яву - хай усім вядомым стане,
Што Графу пераходзіць замак, двор Сапліцы
І ўся зямля яго па ўсе яе граніцы,
Як ёсць, cum gais,boris et graniciebus
К metonibus, skultetis et omnibus rebus
Et guibusdam aliis. Так брашы, як знаеш,
Не прапускай нічога!' 'Пан жа розум маеш,
Пан Ключнік,- смела адазваўся ўжо Пратазы,-
Гатоў я выканаць усе бакоў наказы,
Аднак жа праўнай моцы мець не могуць акты,
Уночы вымушаны гвалтам - вось вам факты'.
'Што тут за гвалт?- прамовіў Ключнік.- Далікатна
Я вас прашу, калі ж вам цёмна і няздатна,
Дык я Сцізорыкам так красану вашэці,
Што свет, нібы ў сямі касцёлах, вам засвеціць!'
'Гервазанька,- прамовіў Возны,- што злавацца?
Я возны, і не мне у справах разбірацца,
Бо возны толькі абавязак свой спраўляе,
Калі дыктованае свету аб'яўляе.
Пасол законаў я, паслоў жа не караюць.
Чаму ж мяне тады пад вартаю трымаюць?
Я мігам акт спішу - ліхтарык прынясіце.
А зараз аб'яўляю: больш не гаманіце!'
I, каб лепш чутным быць, падняўся на бярвенні,
Што сохлі кучай каля саду ў зацяненні.
Узлез і знік, як бы яго ўміг вецер здзьмухнуў,
Пачулі толькі ўсе, як у капусту бухнуў,
Праз момант у каноплях бліснуў шапкай белай,
