Подзвігі Крапіцеля, учынкі і небяспека Мацька. Конаўка засадай ратуе Сапліцова. Коннае падмацаванне, атака на пяхоту. Подзвігі Тадэвуша. Паядынак камандзіраў перапынены здрадай. Войскі ўдалым манеўрам перацягвае шалю бою. Крывавыя подзвігі Гервазага. Падкаморы - еелікадушны пераможца.
А так храплі і гэтакім сном цвёрдым спалі,
Што іх не будзяць ліхтары, ні бляскі сталі,
Ні людзі, што напалі на безабаронных,
Як быццам павукі-касцы на мух паўсонных
Няхай якая бзыкне, ў той жа міг кат строгі
Спаўе ёй крыллі павуціннем, звяжа ногі.
А сон шляхоцкі быу цяжэйшы, чым сон мухаў
Не бзыкае ніхто, ляжаць зусім без духу,
Хоць сіла дужых рук іх брала, несла
I, як салому, адкідала ўбок і трэсла.
Ды Конаўка адзін, якому і ў павеце
Раўні не знойдзеш пры гарэлцы на банкеце -
Ён выпіць мог за раз не менш як дзве барылкі
І не ківацца, і гуторыць без памылкі,
Той, хоць і доўга піў, хоць і заснуў глыбока,
Ды знак жыцця даваў, адкрыў нямнога вока
І бачыць: што за мара? Два страшныя твары
Схіляюцца, на кожным з іх вусоў па пары,
Сапуць над ім і к вуснам бліжацца вусамі,
Рукамі ўзмахваюць, ківаюць карпусамі.
Спалохаўся, хацеў перахрысціцца скрыта,
Ды правая рука ля боку, як прыбіта.
Парушыў левай, ды дарма. Што гэта, духі
Так спавілі яго, як бабкі- павітухі?
Спалохаўся йшчэ больш, дык вока прымыкае,
Ляжыць, не дыхае - душа з яго ўцякае.
Крапіцель здумаў бараніцца, ды па часе!
Быў скручаны, ажно вяроўка упілася,
Але крутнуўся, прыпадняўся да паловы
I ўпаў на сонных, пакаціўся праз галовы.
Як рыба кідаўся па беразе пясчаным
І роў, нібы мядзведзь той ад смяротнай раны.
'Тут здрада!'- роў, і ўслед за ім тым самым складам
Узнялі крык другія: 'Здрада! Гвалт! Тут здрада!'
А крык той далятае з рэхам да той залі,
Дзе Граф, яго жакеі і Гервазы спалі.
Гервазы ўміг прачнуўся, але дарма рвецца:
Так скручаны з мячом, што нават не кранецца.
Людзей чужых заўважыў ля акна ў прасветах
У вопратках зялёных, чорных спрэс кашкетах,
Узброеных. Адзін са стужкаю з павагай
Каманду падаваў. Паказваючы шпагай,
Шаптаў: 'Вяжы, вяжы!' Жакеі на падлозе
Ляжаць у путах, Граф сядзіць у беднай позе
Без пут, але й без зброі. Са штыкамі грозна
Стаяць над ім удвух. Пазнаў іх, ды запозна!
Ах, маскалі!
Знаў Ключнік гэткія трывогі,
Не раз яму ў жыцці вязалі рукі, ногі,
Ды вызваляўся - рваў і путы і вяроўкі,
Бо дужы быў, сакрэты знаў і меў снароўкі.
Задумаў моўчкі ратавацца: жмурыць вочы,
