Ад просьб, ды мусіў слухаць сам маёра Плута.
Маёр жа быў паляк, і родам быў з Дзяровіч,
І называўся некалі, чуваць, Плутовіч,
Ды лотрам стаў, перахрысціўся. Так бывае
З палякам, калі ён край родны забывае.
І Плут з люлькаю стаяў, у бокі падпіраўся,
Нос дзёр і на паклоны на'т не азіраўся,
А ў знак нездавальнення, дрэннага настрою,
Пусціў клуб дыму і пасунуўся ў пакоі.
Суддзя тым часам Рыкава усё лагодзіць,
Асэсара для гутаркі набок адводзіць:
Як справу скончыць без суда, вядуць нараду,
І як пазбавіцца праследу з боку ўраду.
Тады к маёру Плуту так азваўся Рыкаў:
'Вось пан Маёр сабе адно клапот наклікаў:
Што з вязнямі рабіць? Судзіць? Няшчасця многа
Для іх, а вам за гэта не дадуць нічога.
Вы знаеце, Маёр? Лепш справу залагодзіць,
А пан Суддзя за труд вас добра ўзнагародзіць.
Мы скажам, што прыйшлі сюды дзеля візіты,
Дык козы будуць цэлы, і воўк будзе сыгы.
Ёсць прыказка: ўсё можна, толькі асцярожна,
І прыказка яшчэ: дзяры з казны, дзе можна,
І прыказка яшчэ: мір лепшы за нязгоду.
Заблытай вузел, а канцы уторкні ў воду.
Не будзе рапарта, ніхто і знаць не будзе.
Бог рукі даў, каб браць, вось што гавораць людзі!'
Маёр на гэта аж запырскаўся ад злосці:
'Ты, Рыкаў, ашалеў? Тут служба, а не госці!
А служба, брат, не дружба, ты дурны, Мікіта!
Бунтаўшчыкоў пускаць? Ты ашалеў нібыта!
У гэткі час ваенны? Га, паны палякі,
Я навучу вас бунту! Дамся вам я ў знакі,
Паны Дабрынскія! Дык вось як вас прыпёрла!
(I гледзечы ў акно, смяяўся ва ўсё горла.)
А гэта той Дабрынскі! Вунь ён у сурдуце -
Гэй, зняць яму сурдут! Аднойчы на радуце
Пачаў ка мне чапіцца без ніякай меры.
Я ў танец, ён крычыць: 'Вон злодзея, за дзверы!'
Што ў той час за ваеннай абкраданне касы
Вялося следства, ну і меў я амбарасы,
Дык што яму за справа? Я пайшоў мазурку,
А ён крычыць услед мне: 'Злодзей!' Вось шляхцюрку
Я ўзяў і з тымі, што падтаквалі прыдурку.
Казаў я: 'Эй, Дабрынскі, помні, прыйдуць козы
Да воза. Га, Дабрынскі, бачыш?- будуць лозы!'
Пасля, схіліўшыся, шапнуў Суддзі на вуха:
'Калі жадаеце, каб выйшлі ўсе насуха,
Ад кожнай галавы - па тысячы ў гатоўцы,
Па тысячы, не менш - апошняе вам слоўца'.
Суддзя стаў таргавацца, ды Маёр не слухаў,
Зноў бегаў па пакоі, дьмам густа дзьмухаў,
Падобны да ракеты з гэтае прычыны.
