Выцягваецца ўздоўж, нібыта ў сне і ўночы,
Падцягвае жывот і грудзі, жмецца дужа
І раптам корчыцца і дзьмецца накшталт вужа,
Што хвост і галаву зацягвае ў пярсцёнкі:
Так стаў Гервазы тоўсты, як спярша быў тонкі.
Вяроўкі падаліся, скрыпнуўшы аб косці,
Але не лопнулі. Ад сораму і злосці
Крутнуў Гервазы моўчкі твар крывы ад гневу
I абыякавы ляжаў, падобны дрэву.
Вось бубны вухнулі, уперад зрэдку, потым
Штораз гусцей грымелі клічам ці зваротам.
Пад той сігнал загад салдаты атрымалі
Жакеяў з Графам зачыніць пад варту ў залі,
А шляхту ў двор гнаць, дзе была другая рота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.
А на двары ўжо мітусіліся, гудзелі
Падгайскія, Грачэхі, Бірбашы, Бяргелі-
Сябры і сваякі Суддзі, што наляцелі
Са зброяй у руках, пачуўшы аб нападзе,
Тым больш, што век былі з Дабрынскімі у звадзе.
Хто змог прывесці з вёсак батальён салдатаў?
І хто так хутка засцянкоўцаў тых раскратаў?
Асэсар? Янкель, можа? Розна гаварылі,
Аднак не ведае ніхто да гэтай хвілі.
І сонца ўжо ўстае крывава з шэрых ценяў
І берагам тупым, пазбаўленым праменняў,
З хмурын сівых, парваных, збітых бесталкова
Высоўваецца, быццам з горана падкова.
Ўздымаўся вецер, гнаў натоўпы хмар з усходу
Яны па-над зямлёй плылі, як крыгі лёду,
І кожная з тых хмар дождж дробны рассявае,
А вецер следам сушыць, росы абівае.
За ветрам тым пахмурак зноў ляціць вільготны
Так дзень уперамежку быў халодны, слотны.
Маёр тым часам загадаў цягнуць бярвенні,
Якія сохлі кучаю на прыгуменні,
У кожным з іх сякерай дзіры прасякаюць
І ў тых калодах ногі шляхты замыкаюць.
Абодва бервяны ў канцах цвікамі збіты,
Змыкаюцца пашчэнкамі сабак сярдзітых.
Вяроўкамі ж мацней салдаты вяжуць рукі
У шляхты на плячах, а дзеля большай мукі
Маёр загад даў зняць з галоў канфедэраткі,
З плячэй плашчы, на'т кунтушы і тарататкі.
І так вось забіякі, стаўшы ўміг рабамі,
Трасліся і званілі з холаду зубамі,
Бо сыпаў дождж, мачыў зямлю, рабіў балота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.
Дарма, што ў згодным шчырым льюцца сугалоссі
Суддзёвы, Талімэны просьбы і плач Зосі,
Каб аблягчыць хоць трохі шляхты стан гаротны.
Што праўда, афіцэр Мікіта Рыкаў, ротны,
Не кепскі чалавек, не адмаўляўся крута
