Злы быў, што сам страляць не можа, бо ў таўчэчы
Свайму, замест чужога, ўсадзіш кулю ў плечы,
Дык: 'Стройся! Гэй ка мне!'- выкрыкваў Рыкаў,
Але яго каманда нікне сярод крыкаў.
Мацей, да рукапашнай бітвы ўжо не здольны,
Памалу адступаў і шлях праторваў вольны
Направа і налева: то канцом Рузэчкі
Сцірае штык з ствала, як быццам кнот са свечкі
То зноў наводля замахнецца, рэжа, коле.
Так Мацек асцярожна адступаў у поле.
Але з найбольшым цісне на яго напорам
Гефрэйтар пажылы з інструктарскім задорам,
Мастак баёў штыковых. Ён, сабраўшы сілы,
Схапіў аберуч карабін, ідзе пахілы,
Адной рукой затвор, другою ствол сціскае,
Падскаквае і круціцца; то штык спускае,
То сам прысядзе, то зноў выцягнецца дужа
І штык папхне наперад, як джыгала вужа,
То ўзад рване і на калене апірае,
I так штораз мацней на Мацька насядае.
Стары Мацей пазнаў майстэрскія удары,
Уздзеў сабе на нос ляўшою акуляры,
А пры грудзях трымаў Рузэчкі рукаятку.
Здае назад, глядзіць, ды не ўступае ў схватку,
Сланяецца крыху, як быццам трохі п'яны.
Гефрэйтар цісне больш - Мацей ледзь не спайманы.
Дык каб лягчэй дагнаць, прабіць штыком старога,
Узняўся ды адну руку падаў замнога.
На карабін, папхнуўшы, гэтак наваліўся,
Што ад вагі той зброі значна нахіліўся,
А Мацек шаблі рукаятку ў тую ж пору
На стык ствала з штыком падставіў, б'е угору
І апускае Розгу на далонь салдата,
А потым рассякае твар яго вусаты.
Так паў фехтмайстар знатны з прымаскоўскіх даляў,
Крыжоў трох кавалер і чатырох медаляў.
Тым часам ля калодаў шляхта рускіх біла
І скрозь перамагала. Там граміў Крапіла,
Здалёку бачны, Брытва з ім - у самай гушчы;
Той рэжа напалам, а той галовы трушчыць.
Так, як машына, што германцы збудавалі,
А потым малатарняю яе назвалі,
Якая адначасна сечку рэзаць можа -
Сячкарняй быць і малаціць цапамі збожжа,
Так Брыгвачка з Крапілам у варожым стане,
Той знізу, той згары, рабілі замяшанне.
Крапіцель раптам пакідае перамогу,
Бяжыць направа, бо ў душы адчуў трывогу
За Мацька. Там адпомсціць прапаршчык жадае
За смерць гефрэйтара, шпантонам насядае.
(Шпантон - сякеру з пікай рэдка хто ўжывае
Цяпер, але яшчэ бытуе ён у флоце,
