І з чорных дулаў раптам свіснула куль трыста.

Трох з коней скінулі, адзін ужо забіты,

Паў графскі конь, зваліўся Граф. Тут крык сярдзіты

Узняў Гервазы, што не йнакш, як праглядзелі

Апошняга з Гарэшкаў (хоць і па кудзелі).

Ксёндз Робак быў бліжэй, за Графа забягае,

Прьмае рану за яго, ўстаць памагае,

Адводзіць. Шляхце даў загады расступіцца,

Лепш меціцца, страляць ды кулямі скупіцца,

Хавацца за платы, за студню, за будынкі,

А Графу пачакаць больш зручнае хвілінкі.

Тадэвуш, зразумеўшы думку бернардына,

З-за студні паражаць стаў еграў каля тына.

Цвярозы быў і біў з двухстволкі вельмі ўдала,

(Ў манету ўскінутую ўверх, трапляў, бывала),

Дык немалую ворагу наносіць шкоду:

Спярша фельдфебеля са строю выбіў з ходу,

Пасля з двух дулаў двух сяржантаў зразу валіць -

Цаляе ў галуны, або па цэнтру смаліць,

Дзе штаб стаяў. Дык Рыкаў злы аж лае матку,

Нагамі б'е, кусае шпагі рукаятку.

'Маёр!- крычыць,- што робіцца з той банды!

Яны ж пакінуць наша войска без каманды!'

Дык Плут крычыць к Тадэвушу з вялікім гневам:

'Гэй, пан паляк, што там хаваешся за дрэвам,

Не трусь, выходзь на пляц і біся ганарова,

Так, як салдат'. А той яму на гэта слова:

'Маёр! Калі ты рыцар гэткі знакаміты,

Чаго ж сядзіш грудзьмі салдацкімі прыкрыты?

Перад табой я не ўцяку. Вылазь з-за плоту,

Ты ў твар дастаў, я стукнуць маю йшчэ ахвоту!

Пашто ліць кроў! Між намі спрэчка і знявага,

Хай вырашаць яе ці пісталет, ці шпага.

А зброю выбірайце там любую самі,

А не, дык выб'ю вас, як тых ваўкоў у яме'.

Пры гэтым выстраліў яшчэ і не змыліўся:

Паручнік каля Рыкава ўміг з ног зваліўся.

'Маёр,- прамовіў Рыкаў,- выйдзі на расправу,

Адпомсці ты яму за ранішнюю справу,

Калі ж бо іншы хто таго шляхцюру знішчыць,

Тады табе не ўдасца ганьбы век ачысціць.

Яго нам трэба, як мага, на пляц занадзіць -

Калі не можа куля, хай з ім шпага зладзіць.

'Люблю без стуку штуку, гэткую, што коле',-

Казаў стары Сувораў. Выйдзі, брат, на поле,

Бо ён нас выб'е ўсіх. Глядзі, які дасужы'.

Тады маёр прамовіў: 'Рыкаў, мілы дружа,

Ты добра б'ешся шпагай, выйдзі, браце Рыкаў,

А не, дык мо б каго з паручнікаў паклікаў.

Маёр я, нельга мне кідаць сваіх салдатаў,

Каманда батальёнам, знаеш,- справа свята'.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату