Зямлю краналі каласамі залатымі
І хвалямі кіпелі, сталі нерухома
І ў неба пазіралі ўздыбленай саломай.
І вербы ў зелені, таполі пры дарозе,
Якія перш, як плачкі ля труны ў знямозе,
Рукамі трэслі і ў паклонах гнулі станы
Ды з ветрам распускалі волас серабраны,
Цяпер, як мёртвыя, з азнакамі жалобы,
Стаяць без шолаху, накшталт сыпільскай Ньобы.
Асіна толькі шэпча лісцем сіваватым.
I статак, што звычайна ледзь брыдзе дахаты,
Цяпер бяжыць, прынук пастушых не чакае,
Кідае ежу і дамоў з травы ўцякае.
Бугай нагою землю рве, капае рогам
І гурт свой запалохвае рыканнем строгім.
Карова штораз то ўзнімае ў неба вока,
Разінецца ад дзіву і ўздыхне глыбока.
Вяпрук злуе, вішчыць, з дарогі ўбок ступае,
Крадзе снапы і цягне - на запас хапае.
А птаства ў лес схвалася, пад стрэхі, ў травы.
Адных варон над ставам бачан гурт рухавы,
Яны паважна ходзяць кучкамі і ўпары,
Кіруюць вочы чорныя ўбок чорнай хмары,
Высоўваюць сухія языкі ад рання,
Разводзяць крыллі ўбок, чакаючы купання;
Ды і яны, у прадчуванні навальніцы,
Ляцяць у лес, як хмара, што гарой імчыцца.
Апошняй ластаўка, нібы стралы ударам,
Прашые чэрава навісшай чорнай хмары
І валіцца, як куля.
Вось у гэтай хвілі
Крывавы жорсткі бой праціўнікі спынілі,
І ўсе хаваюцца пад стрэхі грамадою,
Цяпер паспешна пакідаючы пляц бою
Для барацьбы стыхіяў.
Зямля на захадзе, дзе сонца залаціла,
Яшчэ панура-жоўтай чырванню свяціла.
А хмара, быццам сеці, распускае цені,
Ляціць за сонцам, заграбае ўслед праменні,
Нібы глынуць яго хацела прад заходам.
Вось віхры раз за разам прасвісталі сподам,
Ляцяць і кроплі дажджавыя раскідаюць,
Якія круглым, ясным градам ападаюць.
І раптам віхры збіліся, ўзяліся ўполы,
Качаюцца і ўюцца з посвістам вясёлым,
Ваду у ставе муцяць, кружаць па заставах,
На луг апалі, свішчуць у лазе і травах.
Трашчыць галлё лазы, ўзлятаюць траў пакосы
На вецер, быццам жменяй вырваныя косы
У гурце з кудрамі снапоў. Вятры ўжо выюць,
Спадаюць на раллю, качаюцца ў ёй, рыюць,
Рвуць скібы - трэцяму вятрыску б'юць праломы,
Што вырваўся з раллі слупамі чарназёму,
