А Плут жывы, ён можа так загнуць кручочак,
Што згінеце, бо гэта хітранькі паночак.
Яму заткніце горла банкавым білетам.
Дык што ж вы, пан з мячом, падумалі аб гэтым?
Былі ўжо ў Плута? Што і як ён вам парадзіў?'
Гервазы аглянуўся, лысіну пагладзіў,
Кіўнуў рукой нядбала, гэтым знак падаўшы,
Што справу скончыў. Капітан аднак, устаўшы,
Дапытваўся: 'Што ж кажа Плут? Маўчаць захоча?'
А Ключнік злы, што Рыкаў гэтак лезе ў вочы,
Нагнуў вялікі палец да падлогі змрочна,
Пасля махнуў рукою. Гэтым відавочна
Хацеў пытанні скончыць і сказаў: 'Вось слова,
Што змоўчыць Плут! Закончана яго размова!'
І хруснуў пальцамі, пасля спусціў далоні,
Як бы ўсю таямніцу збіў з іх у разгоне.
Той змрочны жэст усе ў пакоі зразумелі,
Глядзелі навакол, прагаварыць не смелі,
І доўгі час трывала гэткае бязмоўе.
Азваўся Рыкаў: 'Воўк цягаў на безгалоўе!'
'Requeskat in pace',- мовіў Падкаморы.
'Відаць,- Суддзя сказаў,- па Божым прыгаворы,
Ды я не вінен, я не ведаў гэтай справы'.
Ўзарваўся ксёндз з падушак бледны, але жвавы
Зрок скіраваў на Ключніка і ў неспакоі
Прамовіў: 'Грэх забіць палоннага, без зброі!
Хрыстос вучыў не крыўдзіць помстаю нікога!
Ой, Ключнік! Цяжка ты адкажаш перад Богам.
Адно ёсць апраўданне,- іншым мовіў тонам,-
Калі не з помсты ты, а ... pro publico bono'.
Дык Ключнік і рукой, і галавы наклонам,
Міргаючы патакваў: 'Pro publico bono!'
І больш не ўспаміналі пра маёра Плута.
Дарма назаўтра кожны абышлі закутак,
Дарма назначылі за труп узнагароду,
Маёр бясследна знік, нібы ўваліўся ў воду.
Аб тым, што сталася з ім, розна гаварылі,
Ды праўды ні тады, ні потым не адкрылі.
Пыталі ў Ключніка, ды той аднакім тонам
Усім адказваў толькі: 'Рro publico bono!'
Хоць Войскі нешта ведаў, ды пад словам чэсці
Маўчаў і на нішто умеў адказы звесці.
Пасля размовы выйшаў з кабінета Рыкаў,
А ксёндз цераз Суддзю ўсіх змагароў паклікаў.
Да іх прамовіў Падкаморы з асцярогай:
'Браты! Бог нам памог, за намі перамога,
Ды я павінен вам усім сказаць адкрыта,
Што справа гэтая не будзе нам забыта.
Зблудзіліся мы ўсе, і ўсе мы вінаваты:
Ксёндз Робак, што навіны нёс нам ранавата,
А Ключнік з шляхтаю, што кепска зразумелі.
Вайна пачнецца не тады, як мы б хацелі.
