Ўздымаецца, рухомай пірамідай крочыць,

Ілбом грунт круціць, зоркам гоніць пыл у вочы,

Штокрок шырэе, дзьмецца ў страшную фігуру

І той трубой агромнай аб'яўляе буру.

Аж вось з усім хаосам вод расхваляваных,

Пяску, сукоў, лістоў, саломы, траў нарваных

Віхры на лес напалі і па нетрах пушчы

Мадзведзямі ўзраўлі.

А дождж палеткі плюшчыць

Густы, як з сіт. Раўнулі раптам громы,

Зліліся зразу кроплі ў струны і без стомы

Касою доўгай вяжуць землю і нябёсы,

А часам бухнуць, як з вядра, вады палосы.

На землю і на неба змрок густы садзіцца,

Чарнейшая за ноч іх крые навальніца.

Часамі краявід прарвецца ўдаль бясконца -

Анёл грамоў, накшталт вялізарнага сонца,

Рассвеціць твар, ды зноў, акрыты цьмой грубою,

Захлясне перуном хмар дзверы за сабою.

Ізноў мацнее бурны лівень той навальны

І змрок грубы, густы, амаль што дакранальны.

Зноў ціхне дождж, задрэмле гром, ды па хвіліне

Прачнецца, зноў раўне і зноў вадою хлыне.

Аж вось заціхла ўсё, і толькі дрэвы

Шумяць ля дому разам з хлюпатам залевы.

І добра, што ў дзень гэты не было зацішша,

Бо навальніца, цемрай бою пляц акрыўшы,

Дарогі заліла, масты сарвала з рэчак

І аддзяліла двор ад вёсак і мястэчак.

Дык пра здарэнні грозныя ў двары Сапліцы

Адразу вестка не магла яшчэ прабіцца,

А шляхты лёс залежны быў ад таямніцы.

У Суддзі ў пакоі - важныя перагаворы.

Там ксёндз ляжаў у ложку стомлены і хворы,

І акрываўлены, ды ў памяці быў поўнай.

Загад яго Суадзя спаўняе безадмоўна:

Перш Падкаморага і Ключніка паклікаў,

І дзверы зачыняюць, як прыйшоў і Рыкаў.

Гадзіну ўжо трывала тайная размова,

Урэшце Рыкаў тут сказаў такое слова,

Адкінуўшы капшук, дукатамі напханы:

'Панове Ляхі, ёсць між вамі сказ, мне знаны,

Што кожны рускі - злодзей, хабарнік прапіты.

Дык знайце ж, што маскаль, якога зваць Мікіта

Мікітыч Рыкаў, ротны капітан, меў восем

Медаляў, тры крыжы, і гэта помніць просім!

Медалі за Ачакаў і за Ізмаілаў,

Вось за бітву пад Нові, вось за Прэйсіш-Ілаў,

А гэты вось ад Карсакова. За адвагу,

Апроч таго, я атрымаў таксама шпагу

І ад фельдмаршала аж тры пахвал ступені

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату