Ды царскіх грамат дзве, чатыры адзначэнні -
Ўсе на пісьме'.
'Але, але, мой капітане,-
Азваўся Робак,- дык на чым жа справа стане,
Калі не згодзішся? Бо ты ж даваў нам слова
Уладзіць справу'.
'Слова даў і дам нанова,-
Сказаў зноў Рыкаў,- мне не трэба вашай згубы,
Я чэсны чалавек, а вы, паны, мне любы,
Што вы вясёлыя, ахвочы да напіткаў
І людзі смелыя, і здатныя да біткі.
У нас ёсць прыказка: той, хто на возе едзе,
Бывае і пад возам; той, хто папярэдзіў,
Назаўтра - ззаду. Б'еш сягоння, заўтра - біты.
Злаваць за гэта? Заўтра, можа, будзем квіты.
Адкуль бы чалавек набраў злабы такоўскай,
Каб гневацца за ўсё? У бітве Ачакоўскай
Злягло ў нас шмат, пад Цюрыхам змялі пяхоту,
Пад Аўстарліцам жа маю скрышылі роту,
А перш Касцюшка ваш пасек ля Рацлавіцаў -
Я быў сяржантам - косамі мой ўзвод. Адбіцца
Я змог ля Мацеёвіц. У той бітве страшнай
Двух важных шляхціцаў забіў я ў рукапаіпнай.
Адзін быў Макраноўскі, ён за нашым валам
Касою кананіру ссек руку з падпалам.
Ой, ляхі вы! Айчызна! Я ўсё гэта знаю,
Я, Рыкаў. Тут загад цара, я праў не маю.
Нашто нам ляхі? І Маскоўшчыны нам годзе!
Хай Польшча будзе ляху! Што ж, як цар не згодзен'.
Суддзя сказаў на гэта: 'Пане капітане,
За чэснасць вашу вас мы маем у пашане,
І ўсе вакол сапраўднага ў вас бачаць мужа.
Не злуй на нас за падарунак, добры дружа,
Цябе мы скрыўдзіць не хацелі, а дукаты
Пасмелі даць, бо чалавек ты ж небагаты'.
'Ах, егры!- ўскрыкнуў Рыкаў,- гэткія салдаты!
Мая ўся рота! І ўсё Плут тут вінаваты!
Ён камандзір, перад царом адкажа строга.
Вы ж гэтыя грашы схавайце, дзеля Бога.
Я маю грош мой сціплы царскага служакі,
І хопіць мне на пунш і люлечку табакі.
А вас люблю, вось з вамі вып'ю, пагуляю.
Паем, пагутару і гэтак пражываю.
Я вас абараню, як следства распачнецца,
Даю вам слова - справа на ваш бок схінецца.
Мы скажам, што прыйшлі сюды дзеля візіту,
Што тут сабе гульнулі, кожны быў падпіты,
А Плут 'агонь' каманду крыкнуў выпадкова -
Бітва! І батальён разбілі, і гатова.
Вы ж следства мажце золатам, дзе толькі можна,
Круціцца будзе. Але толькі асцярожна:
Казаў я шляхціцу таму з даўгой рапірай,
Што першы Плут, бо ён жа быў тут камандзірам.
