На гэта Рыкаў шпагу ўзняў, выходзіць смела,
Сказаў спыніць стральбу, махае хусткай белай.
Тадэвуша спытаў, на чым той хоча біцца,
Рашылі ў той жа міг на шпагах запыніцца.
Не меў Тадэвуш шпагі, а у час шукання
Прыскочыў збройны Граф, навёўшы замяшанне,
Бо крыкнуў: 'Пан Сапліца! Справа тут не пана!
Вы йшлі супроць маёра, а на капітана
Я маю гнеў, бо ён у замак мой варваўся
('Кажыце, пане: ў наш',- Пратазы умяшаўся),
Ускочыў,- Граф працягваў,- на чале зладзеяў,
Ён, Рыкава пазнаў я, павязаў жакеяў.
Я дам яму, як і ў Сіцліі далёкай
Бандытам даў каля скалы Бірбанта-рокка!'
Заціхлі ўсе, вакол спынілася стралянне,
Глядзяць ваякі на смяротнае спатканне:
Граф з Рыкавым падходзяць, звернутыя бокам,
Рукою правай пагражаючы і вокам,
Пасля адкрылі левымі свае галовы
І кланяюцца (звычай гэткі ганаровы:
Перад забойствам ветліва йшчэ прывітацца).
Вось шпагі ўжо сустрэліся разоў са дваццаць,
Вось рыцары ўзнімаюць ногі, на калена
Прыкленчваюць і ўскакваюць папераменна.
А Плут Тадэвуша прыкмеціў перад фронтам,
Дык стаў шаптаць яфрэйтару, што зваўся Гонтам
І славіўся стралком найлепшым у той роце.
'Ты бачыш,- мовіў,- тога, што стаіць пры плоце?
Калі яму ты кулю ўткнеш пад скабай пятай,
Чацвёрка серабром за гэта будзе платай'.
Дык Гонт рыхтуе карабін у той жа хвілі,
Таварышы яго шынелямі прыкрылі.
Не ў скабу, а на чэрап ён наводзіць мушку,
Папаў, але прабіў капялюша вярхушку.
Тадэвуш аж крутнуўся. Тут Крапіцель з рада
Рвануўся к Рыкаву, а шляхта ўзвыла: 'Здрада! '
Тадэвуш капітана засланіў, дык Рыкаў
Ускочыў да сваіх сярод пагроз і крыкаў.
Зноў кінуліся ў бой дабрынцы і літвіны,
Забыўшыся пра звады для такой хвіліны.
Ваююць, як браты, таго той выручае:
Дабрынскім цяжка, дык Падгайскі прыкмячае,
Касой сячэ, у гушчу еграў убягае.
Дабрынскія крычаць: 'Няхай жывуць Падгаі!
Гарой, Літва! Хвала літвінам, браццям нашым!'
Скалубы, Брытву згледзеўшы, што бег бясстрашна,
Хоць ранены, крычаць з глыбінь крывавай буры:
'Гарой, Мацеі, Барткі! Хай жывуць мазуры!'
Так заахвоціўшыся, рвуцца штораз далей,
Хоць іх Мацей і Робак, як маглі, спынялі.
Калі на роту еграў бег натоўп народу,
