Задумаў Войскі скіравацца ў бок гароду.

З ім разам асцярожна сунуўся Пратазы,

А Войскі ціханька даваў яму наказы.

Стаяла там за плотам блізка, поруч з садам,

Дзе Рыкаў абапёрты быў сваім атрадам,

Старая сырніца, ў зруб складзеная рэдкі

З брусоў скрыжованых, падобная да клеткі.

У ёй свяцілі копы сыраў яснай беллю,

А навакол на ветры сохлі звязкі зелля:

Валошак, чабару, рамонку і шалфею -

Лячэбныя Вайшчанкі на зіму трафеі.

Уверсе меў будынак сажні тры з паловай,

А ўнізе на калодзе ўспёрты быў дубовай,

Як буслава гняздо. Той слуп ужо крышыўся,

Падгніў ад старасці і значна нахіліўся,

Збіраючыся ўпасці. Ўжо Суддзі калісьці

Казалі, што не будзе з сырніцы карысці,

Што лепш яе раскідаць. Дык Суддзя паправіць

Яе рашыў і ўжо збіраўся пераставіць,

Але рамонт адцягваўся час некаторы,

Тым часам пад той слуп уткнулі дзве падпоры.

Так падмацованая вельмі нетрывала

Будыніна на строй маскоўцаў пазірала.

Вось Возны з Войскім к сырніцы падходзяць ззаду,

А кожны захапіў, як піку, жэрдку з саду.

За імі ўслед каноплі ахмістрыня топча

І кухарчук, хоць і малы, ды дужы хлопчык.

Прыйшоўшы, тычкі ўпёрлі ў слупа верх пахілы

І пхнуць будынак знізу, колькі маюць сілы,

Так сплаўшчыкі, як стане на мялі, віціну

Каламі доўгімі спіхаюць на глыбіну.

Слуп трэснуў, крышыцца... Вось сырніца ў палёце,

Вось б'е цяжарам дрэва і сыроў па роце

І раніць, забівае войска й камандзіраў.

Так злеглі ў кучу: дрэва, трупы, груды сыраў.

Абліты мозгам і крывёй, трохкутнік рвецца,

І ўжо Крапіла ў ім гудзіць, і Брытва ўецца,

Сцябае Розга, падбягае шляхта звонку,

Жакеі гоняць еграў, б'юць наперагонкі.

Вось толькі восем еграў і сяржант з адвагай

Бароняцца. К ім Ключнік бег, яны з увагай

Аж дзевяць дулаў на яго накіравалі -

Ён бег пад променем Сцізорыкавай сталі.

Ксёндз, гэта згледзеўшы, забег яму дарогу,

Сам паваліўся і падбіў старому ногі.

Зваліліся якраз, як дружны залп раздаўся.

Як прасвістала волава, Гервазы ўзняўся,

Убягае ў дым, двум еграм голавы ссякае.

Бягуць другія, Ключнік гоніць, не чакае.

Яны бягуць дваром, Гервазы - іх слядамі,

Яны - ў гумно і нікнуць там, бы ў цёмнай яме,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату