Ачысціць двор і апынуцца ўміг пад дахам.
'Фармуйся!-крыкнуў.-На штыкі! Наперад! Жвава!'
І ўміг уся шарэнга са штыкамі лавай
Хінецца, рушыцца і прыбаўляе кроку.
Дарма страляе шляхта спераду і збоку,
Палову ўжо двара прайшоў атрад з адвагай,
А капітан, на дзверы паказаўшы шпагай,
Крычыць: 'Суддзя! Здавайся! Двор спаліць прыкажам!'
'Палі!- крычыць Суддзя.- Цябе ў агні падсмажым!'.
О, двор Сапліцаўскі! Калі цяпер ты цэлы
І свеціцца між ліпаў твой будынак белы,
Калі там шляхты грамада, суседзі
Сядаюць за сталы Суддзёвы пры абедзе,
То Конаўкі здароўе п'юць абавязкова,
Бо каб не ён, даўно б не стала Сапліцова!
Дагэтуль Конаўка не меў яшчэ нагоды
Адвагі доказ даць, хоць першы ўстаў з калоды,
Хоць конаўку знайшоў у возе дарагую -
Штурмак свой мілы, куляў торбачку-другую,
Ды біцца не хацеў, казаў, што мала варты
Бывае нашча, дык ішоў шукаць паўкварты.
Да бочкі спірту падышоў, зачэрпнуў жменяй,
І ўжо калі пачуў, што выпіў болей-меней,
Паправіў шапку, конаўку сваю пагладзіў,
Памацаў кулю шомпалам, затвор наладзіў
І аглядзеў пляц бою. Бачыць, доўгай хваляй
Блішчаць штыкі і гоняць шляхту штораз далей.
Дык пачынае супраць гэтай хвалі плысці,
Дае нырца ў быллё, паўзе ў густэчы лісця
І пасярод дзядзінца ў крапіве знікае,
Хаваецца і Сака жэстам заклікае.
А Сак са штурмаком парог аберагае,
Бо ў гэтым доме недзе Зося дарагая.
І хоць не раз ад Зосі быў ён адапхнёны,
Цяпер жыцця не шкадаваў для абароны
Вось егры ў крапіву ўступаюць роўным крокам...
Тут Конаўка даў стрэл. Штурмак ствалом шырокім
Пускае тузін куль разных па грознай хвалі.
Другі - пускае Сак. І маскалёў стрымалі -
Спалоханы засадай рад канцы звівае
Назад, а раненых Хрысціцель дабівае.
Гумно далёка - каб не рассыпаць народу,
Дык Рыкаў падбягае пад паркан гарода,
Трымае ўцекачоў, камандуе талкова,
Зноў ладзіць строй, ды толькі ўжо манерай новай,
Рыхтуе трохвугольнік вострым клінам з ходу,
А цэнтр абапірае аб паркан гароду.
І правільна зрабіў, бо конніца йшла здалі.
А Граф, якога егры ў замку пільнавалі,
Калі ад страху збегла варта, той парою
Атрад сваіх жакеяў конных вёў да бою -
Сам на чале, жалеза ўгору ўзняў з фасонам.
Тут Рыкаў закрычаў: 'Агонь! Паўбатальёнам!'
Цераз ствалы ўзвілася нітка прамяніста,
