І як тут мешчанін, што зваўся Чарнабацкі,
Збіў Дэева і знішчыў цэлы полк казацкі.
Даволі, што было так, як прадбачыў Рыкаў:
Хістацца сталі егры, вось чутно ўжо з крыкаў.
Аж дваццаць тры валяюцца на смерць забітых,
Больш трыццаці ўжо мучацца ад ран адкрытых,
Шмат іх пабегла ў сад, за рэчку, ў хмель ад здзекаў,
І колькі ў дом убегла пад жанчын апеку.
Дык шляхта з перамогі ўся у захапленні -
Той цягне ўжо трафей, там бочку ўжо абселі -
Абставін бою, як відаць, не разумелі.
Адзін ксёндз Робак справу знаў (яму каноны
Не дазваляюць біцца), ды, жыццём наўчоны,
Ён радзіў, як лепш біць, і пляц абходзіў бою,
Каманду падаваў і вокам, і рукою
І зараз заклікаў, каб у адно злучацца,
На Рыкава ударыць, з рэштай расквітацца.
А Рыкаву праз пасланца паведамляе,
Што той жыццё, хто кіне зброю, захавае.
Калі ж прадоўжыць далей капітан змаганне,
То ўміг атрад акружаць, высекуць да-звання.
А Рыкаў не намерваўся прасіць пардону.
Сабраўшы ля сябе палову батальёна:
'За зброю! ' - крыкнуў. Па загаду каітана
Ўміг зброя хруснула, даўно панабівана.
Ён крыкнуў: 'Цэль!' Ствалы заззялі шнурам цэлым.
Скамандаваў: 'Агонь чаргой!'- б'е стрэл за стрэлам.
Страляе той, той набівае, той наводзіць,
Свіст куль, затвораў трэск з канца ў канец праходзіць,
Шарэнга выгінаецца, як звер паўзучы,
Які махае спрытна сотняй ног бліскучых.
Хоць кожны з еграў быў ад спірту моцна п'яны,
Цаляць не мог ніхто, ды ўсё ж наносяць раны,
А той-сёй і заб'е. Праз момант двух Мацеяў
Падбілі, і адзін забіты з Баўтрамеяў.
А шляхта б'е ў адказ ім з некалькіх рушніцаў,
На шаблі з еграмі жадаючы счапіцца,
Старэйшыя спыняюць, кулі ж свішчуць густа,
Трапляюць, гоняць. На двары ўміг будзе пуста,
Па шыбах дому звоняць часта, б'юць па рамах.
Тадэвуш, што павінен быў сядзець пры дамах
З загаду дзядзькі, чуючы, што справы горай
Пайшлі, дык выбег, з ім пабег і Падкаморы,
Якому шаблю ўжо Тамаш прынёс нарэшце.
Спяшаецца, камандуе, як бой правесці.
Бяжыць, падняўшы шаблю, шляхта - побач, радам,
А егры сыпанулі ў іх куль цэлым градам.
Паў Вільбік, Ісаевіч, Брытва злёг ад раны.
Тады напад той бесталковы быў стрыманы
Мацеем з Робакам. Дык шляхта халадзее,
Здае назад. Такая маскалям падзея
Узнімае дух, і Рыкаў меціць адным махам
