Схінуўся трохі Рыкаў і ўцёк так ад смерці.

Тады трывожна крыкнуў: 'Егры! бунт! Ей Богу!'

I, шпагу вырваўшы, прасоўваўся к парогу.

А тут з другога боку, як паўстала спрэчка,

Праз вокны шляхта рвецца, камандзір - Рузэчка

Вось Плут у сенях, Рыкаў з ім, крычаць трывогу,

І тры салдаты ім спяшаюцца ў падмогу.

Уміг праз дзверы ўлазяць тры штыкі, мушкеты,

А ззаду чорныя прыгнутыя кашкеты.

Мацей, падняўшы Розгу, стаў за вушакамі,

Сачыў цішком, як быццам кот за пацукамі,

Аж рубануў; усе мо збіў бы тры галовы,

Але стары не згледзеў, ці ўжо быў нярвовы,

Бо перш, чым шыі выткнулі, цяў па кашкетах,

Збіў іх, а Розга зазваніла па мушкетах -

Дык егры адступаюць, Мацек вон іх гоніць

На двор.

А там ужо бушуе ўсё, гамоніць.

Прыхільнікі Суддзі, не трацячы нагоды,

Бягуць Дабрынскіх ратаваць, знімаць калоды.

На гэта егры дай хапаць свае мушкеты,

Сяржант Падгайскага парнуў у часе гэтым,

Двух іншых раніў ля Хрысціцеля калоды,

Пасля даў стрэл. Хрысціцель блізкі быў свабоды,

Ужо меў рукі вольныя, дык без размовы

Падняў высока ўгору свой кулак пудовы

І гэтак стукнуў у хрыбет расіяніна,

Што ўплюшчыў твар яго ў жалеза карабіна,

Дык порах, кроўю змочаны, не запаліўся,

А сам сяржант ля ног Хрысціцеля зваліўся.

Хрысціцель гнецца, карабін бярэ за дула

І круціць, аж паветра загуло, раўнула.

Млынкуе, валіць двух салдат, ды гэтых мала -

За імі ўраз трапляе ў галаву капрала.

Друтія адступаюць ад яго са страхам.

Вось так жывым Крапіцель прыкрываўся дахам.

Развязаны ўжо рукі, збіты ўсім калоды,

І шляхта на ксяндзоўскія бяжыць падводы,

З іх дастае рапіры, шаблі, стрэльбы, косы,

А Конаўка знайшоў два штурмакі. Калёсы

Умяшчалі і шмат куль. Узрадваўся ваяка,

Бярэ штурмак сабе, другі дзяржыць для Сака.

А еграў прыбывае, збіліся, таўкуцца,

І шляхце ўжо няма як шабляй размахнуцца.

Страляць не могуць егры, б'юцца гурмай зблізку:

Па сталі звоніць сталь, мігцяць іскрыста ўзбліскі,

Б'е шаблю штык, каса сячэ эфес, скуголіць,

Кулак таўчэ кулак, плячо плячо няволіць.

Дык Рыкаў кінуўся ў напрамку, дзе стадола

Сышлася з плотам; кліча еграў, каб наўкола

Спынялі бой такі дурны і бесталковы,

Дзе ўсе без выстрала паскладваюць галовы.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату