Вось што, паграйма ў карты! ў вэльба-цвэльба? ў віста?
Або хадзем мазурку! Га! Чарцякаў трыста!
Ды ў егерскім палку я ж першы з мазурыстаў'.
Пры гэтым штораз бліжай к дамам нагінаўся
І з дымам кампліменты ім пускаць стараўся.
'У танцы!- крыкнуў Робак.- Дык не трацьма часу!
І я, хоць ксёндз, падпіўшы, падхіляю расу
І йду мазурку. Але ведаеш, Маёрку?
Мы тутка п'ём, а егры мерзнуць на падворку,
Гуляць, то ўсім гуляць! Суддзя, дай ім сівухі,
Маёр дазволіць еграм выпіць весялухі!'
'Прасіў бы,- Плут сказаў,- ды тут не мус, а проста...'
'Дай бочку,- ксёндз шапнуў Суддзі,- на... дзевяноста'.
І так, калі ў двары піло, гуляла панства,
У войску каля дому пачалося п'янства.
Маўкліва Рыкаў толькі чаркай забаўляўся,
А вось Маёр і піў, і к дамам прыхіляўся,
І ўсё да танцаў узрастала ў ім натхненне.
(Пакінуў люльку, стаў чапляцца к Талімэне,
Цягнуў гуляць, але ўцякла, тады да Зосі
Пайшоў з хістаннем, кланяецца - ў танец просіць.
'Гэй, Рыкаў, люльку кінь, смактаць яе ўжо годзе,
Ты ж балалаечнік праслаўлены ў народзе.
Гітару бачыш вунь? Ідзі вазьмі гітару,
Мазурку грай! У першую пайду я пару'.
Дык Капітан, гітару ўзяўшы, круціць, строіць,
А Плут зноў Талімэну просьбай непакоіць.
'Маёра слова! Мне не быць расіянінам,
Калі я лгу! Няхай я буду сукінсынам,
Калі я лгу! Спытай, пацвердзяць афіцэры
Усе, як ёсць, калі не хочаш даць мне веры,
Што ў арміі другой, у корпусе дзевятым
Дывіз'і першай, у палку пяцідзесятым
Егерскім, Плута лічаць першым мазурыстам.
Хадзі, паненка! Што ты гэтак наравіста!
Бо я па-афіцэрску пакараю злюку...'
Тут скокнуў і, схапіўшы Талімэны рукі,
Шырокім пацалункам у плячо ёй пляснуў.
І тут яму Тадэвуш ёмка ў шчоку ляснуў.
Цалунак з аплявухай так адначасова
Азваліся ў пакоі, як за словам слова.
Маёр стаў слупам, пабялеў і на знявагу
Ускрыкнуў: 'Бунт! Бунтар!' - і, выхапіўшы шпагу,
Хацеў прабіць, ды ксёндз к Тадэвушу падскочыў,
Даў пісталет. 'Смалі!- ускрыкнуў,- проста ў вочы!'
Схапіў, прыцеліўся Тадэвуш, пальнуў скора,
Ды толькі асмаліў і аглушыў маёра.
З гітарай скокнуў Рыкаў. 'Бунт!- крычыць,-як можна!'
Бяжыць к Тадэвушу; тут Войскі бестрывожна
Махнуў рукой наводля, нож аж толькі свіснуў
Паміж галоў і перш ударыў, чым узбліснуў,
Трапляе ў дно гітары, б'е яго на чвэрці.
