І так памалу ў ім гарачка прамінае,-

Такую сілу заручальны персцень мае.

Я сам афект вялікі меў таму год трыццаць

Да панны Марты, а дагэтуль не забыцца.

Былі заручаны мы, ды з Божай волі

Не суджана было нам мець шчаслівай долі -

Асіраціла беднага мяне Вайшчанка,

Майго прыяцеля дачушка, Грэчашанка,

І не пакінула на памятку нічога,

Апроч вось гэтага пярсцёнка залатога.

Дык гляну на яго, і мігам набягае

Яна на думку мне, і Бог мне памагае

Быць верным ёй і не забыцца век той страты.

Вось зараз я ўдавец, хоць і не быў жанаты

І хоць у Войскага і ёсць дачка другая,

Падобная да той, што мне так дарагая'.

Пры гэтым, глянуўшы на персцень чулым вокам,

Слязу абцёр і ад душы ўздыхнуў глыбока.

'Дык як, заручыш іх?-спытаў.- Бо ёсць прычыны

Ён любіць і ёсць слова цёткі і дзяўчыны'.

Але Тадэвуш падбягае ўсхваляваны

І кажа: 'Ўдзячны я вам, дзядзечка каханы,

Што аб маім вы шчасці гэткі клапатлівы.

Ах, дзядзя! Невымоўна быў бы я шчаслівым,

Каб Зося сёння заручылася са мною,

Каб знаў, што будзе колісь жонкаю маёю,

Але скажу адкрыта: гэтае дзяўчыны

Пакуль што я не варт, на гэта ёсць прычыны...

Больш не пытайце. Зося ж, калі час назначыць

Чакаць, дык можа ўжо мяне другім убачыць,

Мо трохі лепшым буду, больш кахання вартым,

Даб'юся славы мо ў змаганні тым упартым.

Магчыма, хутка вернемся ўсе з вандравання,

Тады прыпомню, дзядзя, ваша абяцанне,

Тады, прыкленчыўшы, зноў Зосю прывітаю,

Застаўшы ж вольнаю, рукі ў яе спытаю.

А зараз жджэ мяне вялікая дарога,

І Зося можа палюбіць яшчэ другога.

Яе я звязваць не хачу, не маю права,

Не заслужыў я гэтага, і ўся тут справа'.

Калі ён так з пачуццем гаварыў і з жарам,

Гарэлі шчокі юнака душы пажарам,

Як ягады, ў вачах дзве перлы зіхацелі

І ўніз з блакітных зрэнак хутка паляцелі.

Ды Зося, зацікаўлена, з глыбінь альковы

Сачыла за напрамкам гэтае размовы

І чула, як Тадэвуш проста, ясна, смела

Прызнаўся, што кахае. Сэрца задрыжэла

У яе, як слёзы ўбачыла ў вачах хлапчыны,

Ды зразумець была не ў сілах той прычыны,

З якой ён пакахаў і зараз пакідае.

Куды паедзе? Зося ж тога не жадае!

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату