Вось сёння першы раз пачула нечакана
Вялікую навіну, што была каханай.
Пабегла к хатняму алтарыку святому,
Ўзяла іконку, ладанку - святыню дому.
На тым абразіку - святая Генавэфа,
А ў ладанцы рэліквія свяцейшага Юзэфа,
Апякуна ўсіх тых, хто хоча заручыцца,
І тыя святасці прыносіць у святліцу.
'Вы едзеце, так хутка? Я вам на дарогу
Дам дробны падарунак і перасцярогу:
Каб з гэтаю рэліквіяй не разлучаода,
Таксама і пра Зосю нельга забывацца!
Хай Бог вам у ва ўсім і ўсюды дапаможа
І хутка верне вас дадому з падарожжа'.
Галоўку ўгнула, змоўкла і ледзь вачаняты
Самкнула, пырснуў з іх струменьчык слёз багаты.
І стоячы ля мілага ёй чалавека,
Брыльянты слёз губляла Зося з-пад павекаў.
Прыняў Тадэвуш дар, пацалаваў ёй рукі
І мовіў: 'Пані! Час ужо настаў разлукі,
Бывай здарова, не забудзь, прашу маліцца
І за мяне!..' На болей слоў не мог здабыцца.
Ды Граф і Талімэна тут, над спадзяванне,
Угледзелі, ўвайшоўшы, гэта развітанне.
Граф быў узрушан, кінуў вокам к Талімэне
І мовіў: 'Колькі ж прыгажосці ў гэтай сцэне,
Калі душа байца і маладой дзяўчыны,
Як лодка з караблём развітвацца павінны!
Ніколі сэрца так не можа разгарацца,
Як пад прымусам ад другога адрывацца.
Час, быццам вецер: ён малую свечку здзьмухне,
Але пажар вялікі з ветру не патухне.
Здалёку і ў мяне лепш сэрца разгарыцца.
Я вас сапернікам лічыў, мой пан Сапліца.
Памылка гэта сталася прычынай звады
І змусіла нас ажно ў шпаг шукаць парады.
Памылку бачу: ты ўздыхаў к пастушцы мілай,
А мне вось гэта німфа сэрца паланіла.
Ў крыві варожай хай патонуць гневы нашы,
Не будзем зброі на сябе ўзнімаць бясстрашна,
Няхай жа спрэчкі ў іншым скончацца змаганні:
Ваюйма за трываласць нашу у каханні!
І я, як вы, прадмет пакіну сэрцу мілы.
Спяшаймася на страшны бой і з поўнай сілы
Ваюйма між сабой цярплівасцю і ўвагай,
Ганяйма ворага рукою дужай і адвагай'.
І тут жа скіраваў зрок чулы к Талімэне,
Яна ж не знала, што сказаць ад задзіўлення.
'Мой Граф,- сказаў Суддзя,- а вам дык не канечне
І выязджаць. Вы можаце сядзець бяспечна,
Бо ўрад са шляхтай беднай можа распраўляцца,
А вам, пан Граф, зусім няма чаго баяцца -
