Знаёмствы маеце і досыць вы багаты,

Каб суд купіць і не папасціся за краты'.

'Не, гэта ўсё з маім характарам не згодна.

Няма як быць каханкам, дык мне неабходна

Праславіцца, і я не пашкадую працы,

Каб мне, хоць сэрцам бедны я, героем стацца'.

'Хто ж вам,- спытала Талімэна,- забароніць

Кахаць і быць шчаслівым?' 'Лёс мяне мой гоніць,-

Прамовіў Граф,- прадчуццяў цемра рухам тайным

Вядзе мяне ў чужыну к справам надзвычайным.

Скажу, што сёння я збіраўся Талімэне

Развесці на Гімена алтары гарэнне,

Ды мне якраз навуку даў юнак вось гэты

Адмовай ад рукі каханае кабеты,

Каб бегчы сэрца правяраць у перашкодах

Нясталых лёсаў і ў вайны цяжкіх нягодах.

Маёй пачатак новай эры недалёка!

Грымела зброяю маёй Бірбанта-рокка,

Няхай жа і па Польшчы льецца тая слава!'

І па эфесе шпагі тут ударыў жвава.

'Што ж,- мовіў Робак,- нельга гэткую ахвоту

Спыняць, дык едзь, і можаш там узброіць роту,

Як той Патоцкі (што ўсю Францыю здзівіла),

Мільён дзяржаве даў, ці следам Радзівіла,

Які, прадаўшы шмат сваіх шэдэўраў панскіх,

Здаў грошы на ўзбраенне двух палкоў уланскіх.

Едзь, едзь з грашыма, бо людзей там досыць маем,

А грошай мала ў Княстве, едзь, благаслаўляем'.

Дык Талімэна Графу ў вочы паглядае

І кажа: 'Бачу, што ніхто вас не стрымае,

Мой рыцар! Апынуўшыся ж на ратным полі,

Зірні на гэты вось тваёй каханкі колер!

(I тут зняла ад сукні стужку, ўміг зрабіла

Какарду і на грудзі Графу прышпіліла.)

Хай гэты знак вядзе цябе на стрэлы, пікі

І на агонь гармат - на подзвіг твой вялікі.

Калі ж сябе ваеннай славай упрыгожыш

І лаўрамі бяссмертнымі абсыпаць зможаш

І акрываўлены свой шлем, і рэшту зброі,

Зірні на гэту вось какарду той парою,

Руку успомні, што яе прымацавала'.

Тут падала руку. І Граф, як выпадала,

Прыкленчвае, цалуе, а яна ля вока

Дзяржыць хусціну, а другім глядзіць звысока

На Графа: ці ўсё гэта праўда? ці магчыма?

I, уздыхаючы, пацепвала плячыма.

Ды тут Суддзя сказаў: 'Ідзі, Граф, бо ўжо позна'.

А ксёндз: 'Даволі, ўжо!- прамовіў з мінай грознай.-

Спяшайцеся!' Вось гэтак ксёндз з Суддзём Сапліцам

Іх праганяюць і змушаюць разлучыцца.

Тадэвуш у слязах, на доўгую разлуку

Абняўся з дзядзькам і ксяндза цалуе ў руку.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату