Благаслаўляў сваіх забойцаў і адправіў
Бандыта ў рай, прашу цябе, апамятайся
І выслухаць расказ мой гэты пастарайся.
Сам прызнаюся: я для сэрца аблягчэння
Прасіць хачу, хоць мо й не будзе, прабачэння.
Паслухай споведзі маёй, пасля са мною
Рабі што хочаш'. Рукі склаў перад сабою,
Як пры малітве. Ключнік адступаў з вачыма
Адкрыгымі, рукой біў лоб, сціскаў плячыма.
А ксёндз тут распачаў сваё апавяданне,
Як жыў з Гарэшкам, пра вялікае каханне
З яго дачкой і ад таго ўсе непаладкі.
Ды гаварыў бязладна, і былі выпадкі,
Што скаргі і папрокі споведзь абрывалі,
І быццам ён канчаў, ды зноў працягваў далей.
А Ключнік, знаючы падзеі ўсе дакладна,
Усю аповесць, што вялася так бязладна,
Парадкаваў, забытае ішло на памяць.
Але Суддзя ўсяго не мог дакладна ўцяміць.
Абодва слухалі, спусціўшы ўніз галовы,
А ў Яцка ўсё цяжэй зляталі з вуснаў словы,
І часта запыняўся.
* * *
'Ты ж ведаеш, Гервазанька, як Стольнік проста
I часта заклікаў мяне, узносіў тосты,
Крычаў не раз пры ўсіх - таго мне не забыцца,
Што друг яго найлепшы - гэта я, Сапліца.
А як ён абдымаў! Здавалася, са мною
Гатоў ён падзяліцца нават быў душою.
Прыяцель ён? Ён знаў, як там усё гарэла
Ў душы маёй...
* * *
Тым часам шэпты сталі навакол кружыцца,
Такі-сякі казаў мне: 'Эй ты, пан Сапліца,
Дарма стараешся, саноўніка парогі,
Не йначай, завысокія на Яцка ногі!'
Смяяўся я, нібыта я ў нішто магнатаў
Стаўляў, а з імі дочкі ўсіх арыстакратаў,
Што быццам к ім хаджу па дружбе на гулянкі,
А ў жоны не вазьму другой, апроч шляхцянкі
Але ў душу калолі гэтакія жарты.
Я малады быў, ведаў, колькі быў я варты
У нас, дзе шляхціц побач мог з арыстакратам
Стаць каралеўскае кароны кандыдатам!
Тэнчынскі ж некалі і ў каралеўскім родзе
Прасіў рукі і атрымаў яе па згодзе.
Імя Сапліцы горшае, скажы адкрыта,
Крывёю, службай для Рэч Паспалітай?
* * *
Як лёгка можна шчасце знішчыць чалавеку
За раз, а не паправіш на працягу веку!
