Хапіла б толькі Стольніка на тое згоды,
І мы былі б шчаслівымі даўгія годы!
Мо жыў бы сёння ён тут пры сваім дзіцяці,
Пры Еве дарагой, і пры удзячным зяцю
І ўнукаў калыхаў бы з поўным супакоем,
А так, вось бачыш што? Загублены мы двое,
І сам - забойства гэта - і ўсіх бед прычыны,
І ўсе мае пазнейшыя грахі і віны...
Я абвіняць не ў праве, я свой гнеў пакінуў,
Я абвіняць не ў праве - праз мяне ён згінуў,
Але і ён...
* * *
Каб раз ужо адказ мне пэўны даў адкрыта,
Бо знаў пачуцці нашы, каб маіх візітаў
Больш не прымаў, хто знае, мо б я пасварыўся,
Пагневаўся, паехаў, болей не з'явіўся.
Але ён тут прыдумаў хітры план і новы:
Аб тым, як быццам, не магло быць мовы,
Каб я пасмеў пра сувязь вымавіць два словы.
А я яму патрэбны быў, бо у пашане
Быў я і ў шляхты, і ў магнатаў пры спатканні.
Дык ён, нібы маіх пачуццяў не заўважваў,
Прымаў мяне, як і даўней, са мной расхаджваў,
Прасіў часцей наведваць. А як толькі ў залі
Мы заставаліся удвух, уміг вязалі
Мае пачуцці, просьбы, план ужо гатовы
Яго сумысля абыякавыя словы
Пра сеймікі, суды, пра паляванні...
* * *
Не раз за чаркамі, пачуццям даўшы волю,
Ён кляўся ў дружбе, абдымаў мяне да болю,
Бо я патрэбны быў са зброяю ці ў сойме.
Калі я мусіў абдымаць яго, хто ж пойме,
Якая злосць ва мне кіпела! Ў вуснах сліну
Трымаў, рука сціскала шаблю. Думаў, кіну
Ўсё гэта, плюнуўшы на дружбу ваяўніча,
Ды Ева, бачачы мой зрок, маё аблічча,
Угадвала, не знаю як, што ўсё кіпела
Ва мне. Глядзела з просьбай на мяне, бляднела.
А гэта ж галубочак быў такі лагодны,
І зрок яе быў гэткі ветлівы, пагодны!
Такі анёльскі, што спыняў я пыл імклівы,
Не меў адвагі гневацца, сядзеў маўклівы.
І я, ва ўсёй Літве задзіра ўсім вядомы,
Перад якім дрыжалі панскія харомы,
Які не толькі Стольніка б не пабаяўся,
А нават каралю у крыўду б мо не даўся,
Што ў шал мяне прыводзіла любая спрэчка,
Я ў той час злы, п'яны маўчаў, нібы авечка!
