Фіранкай выглядае тонкай і ажурнай
З залочаным рубцом, з сярэдзінай пурпурнай.
Яна заходу блескам тлела, прамянела,
Але памалу зжоўкла, зблякла, пашарэла.
Спусціла сонца твар, фіранку зацягнула
I, уздыхнуўшы цёплым ветрыкам, заснула.
А шляхта п'е нястрымна, тосты бурна ўзносіць
За камандзіраў, за Тадэвуша, за Зосю,
За ўсе тры пары, злучаныя сёння ўранні,
За ўсіх гасцей, прысутных на гулянні,
За ўсіх сяброў, каго хто толькі спамятае,
За тых памёршых, памяць аб якіх святая.
І я там быў з гасцямі, піў і мёд, і віны,
А кнігі гэтыя - з тых часаў успаміны
Канец
Эпілог
Пра тое ж марыць на парыжскім бруку
З вушамі поўнымі штодзённа стуку,
Пракляццяў і ілжы, папрокаў позніх,
Пустых намераў, спрэчак злосных, розных!
Бяда, уцекачы, што ў час суровы
Мы неслі ў край чужы свае галовы!
Бо, дзе ступілі, ўслед ішла трывога,
І ворагаў мы сустракалі многа.
А зараз нам тут, сцесненым, замкнутым,
Жадаюць хуткай смерці ў ланцугу тым.
Калі не верыць свет слязам, пакутам,
Калі магільным рэхам звону
Іх страшаць звесткі з Польшчы, з-за кардону,
Калі ахова ім жадае скону,
Магільшчык-вораг вабіць іх з палону,
Калі і ў небе бачаць толькі злыдні,
Не дзіва, што ўсё вокал ім абрыдне,
Што, розум страціўшы ў вялікім горы,
Грызуцца, ўгразшы ў спрэчкі й абгаворы!
* * *
Хацеў мінуць я, птах малых узлётаў,
Мінуць маланкі, буры і грымоты
І толькі ценю пашукаць, пагоды
У тым баку, дзе дом, дзяцінства годы.
Шчаслівы той, хто шэраю гадзінай
Прысесці мог з сябрамі ля каміна,
Замкнуцца ад Еўропы амбарасаў,
Пабегчы думкай да дзяцінства часаў
І марыць, думаць пра сваю краіну...
Але пра кроў, што ў тыя дні лілася,
Пра слёзы, што ракой плылі ў тым часе.
Пра славу, што яшчэ не разышлася,
Аб іх падумаць не хапала сілы!
Бо гэткі здзек цярпеў народ мой мілы,
Што, скіраваўшы зрок на тыя мукі,
Сама адвага заламала б рукі.
Бо пакаленне чорнае з жалобы,
Цяжарныя кляцьбой паветра ўтробы
Не кіравалі нашых дум дадому,
Туды, дзе нават страшна птушкам грому!
Маці Польшча! Ля тваёй магілы
