Расказваць пра цябе не хопіць сілы!
Хто ж сёння ў нас настолькі лёгкакрылы,
Хто гэткае знайсці умее слова,
Што мармур роспачы прабіць гатова,
Што зніме з сэрца каменнае века,
Крыніцы воч развяжа ў чалавека
І зробіць, што сляза нанова пойдзе?
Пакуль такога знойдзем, век мо пройдзе.
Калісь, як сціхне помсты рык ільвіны,
І трубы роднай прагучаць краіны,
А вораг выдасць крык апошні болю,
Замоўкне і аб'явіць свету волю,
А нашыя арлы, як бліскавіцы,
Злятуць да Хробрага старой граніцы
І трупамі насыцяцца, крывёю
Ды зложаць крыллі зноў на час спакою,
Тады з дубовымі вянкамі славы,
Пакінуўшы мячы, абсядуць лавы
Героі нашы слухаць спеў цікавы!
Калі зайздросціць будзе свет іх долі,
Час будуць мець пачуць пра дні няволі
Бацькоў сваіх і лёсы іх уцяміць,
І твару іх тады сляза не спляміць.
Мы ў свеце, як няпрошаныя госці.
I ў будучым, і ў тым, што на пагосце
Адзіны край такі існуе ў Бога,
Дзе шчасця для паляка ёсць нямнога:
Дзяцінства край! Ён прад вачыма ўстане
Святы і чыст, як першае каханне,
Ўспамінамі памылак не разбіты,
Абманутай надзеяю не ўзрыты,
Не зменены нічым і не забыты,
Дзе рэдка плакаў я і не злаваўся.
З тым краем я ахвотна б прывітаўся,
З дзіцячым краем, дзе вясёлы гэткі
Я лугам бег і ведаў толькі кветкі
Прыгожыя. Мінаў благія бокам
І на карысныя не глянуў вокам.
Той край убогі, цесны, але шчасны,
Як Божы свет, быў гэткі наш уласны!
І як жа нашым там усё бывала,
Як помнім тое, што нас акружала,-
Ад ліпы, што ў свой цень глухі хавала
Усіх дзяцей сяла ад спёкі сонца,
Да ручайка, каменьчыка... бясконца
Нам дарагіх, знаёмых, мілых
Аж вунь да тых суседскіх хат пахілых!
І толькі тых ваколіц грамадзяне
Не здрадзілі ні дружбе, ні каханню,-
Сябры мне верныя дагэтуль недзе!
Бо хто ж там жыў? Браты, радня, суседзі
І маці. А каго з іх неставала,
Ах, колькі ж гутаркі аб ім бывала,
Як доўгае было там шкадаванне!
