'Ах, мо апошні ён! Глядзіце на палетак!
Апошні мо, што паланез танцуе гэтак!'
За парай беглі пары гучна і вясёла,
Раскручвалася, зноў закручвалася кола,
Як вуж вялізарны, што ўецца між прастораў.
Пераліваюцца лускою фарбы ўбораў
Салдацкіх, панскіх, дамскіх і гараць бясконца
У пазалоце, што заходзіла ўжо, сонца,
Адбіўшыся на цёмным зелені ўзгалоўі.
Кіпіць гульня, гудзе аркестр, п'юць 'заздароўі!'
Адзін капрал Дабрынскі Сак ані музыкаў
Не чуе, не гуляе, не ўзнімае крыкаў,
Стаіць з рукамі за спіною, з неахвотай
Успамінаючы даўнейшыя залёты -
Як абрываў для Зосі кветкі ля крынічкі,
Кашолачкі ёй плёў, вырэзваў завушнічкі.
Няўдзячная! Ўсе падарункі змарнаваны!
Хоць уцякала, хоць быў бацькам пакараны
Не раз, ішоў і на паркан стары ўзбіраўся,
Каб праз акно пабачыць. Праз каноплі краўся,
Каб толькі паглядзець, як палівала градкі,
Гуркі збірала ці карміла кураняткі.
Няўдзячная! Тут галаву ўцягнуў і свіснуў
Мазурку, а пасля кашкет глыбей націснуў,
Пайшоў у бок гарматаў, дзе стаяла варта
I, каб прагнаць нуду, пачаў граць у дружбарта
З сябрамі, чаркай асалоджваючы жаласць.
Такую меў да Зосі ён пачуццяў сталасць.
А Зося ўсё танцуе. Хоць у першай пары,
Аднак здалёк ледзь бачная на тым абшары
Зарослага дзядзінца, дзе натоўп быў гэткі.
Апраненая ў зелень, выстраена ў кветкі,
Між траў і кветак кружыцца няспынным лётам,
Кіруе танцам, як анёлы зор зваротам:
Згадаеш, дзе яна, бо Зосю бачыць кожан,
Бо кожны Зосяю сягоння заварожан.
І дарма Падкаморы цягне танца хвілі,
Зайздроснікі яе ў яго ужо адбілі.
Нядоўга і Дамброўскі шчасцем карыстаўся,
Другому адступіў, а там і трэці гнаўся,
І той, адбіты, пазірае ўслед з тугою.
Аж Зося, змораная, ўбачыла чаргою
Тадэвуша і, баючыся вандравання,
З ім застаецца, пакідае круг гуляння,
Ідзе к сталу наліць гасцям віна ў келіхі
А сонца гасла, вечар цёплы быў і ціхі,
Круг неба быў там-сям у хмарачкі спавіты,
На захадзе гарэлі ружамі блакіты.
Відаць, к пагодзе - хмаркі лёгкія ўрачыста
Плылі, як па траве авечак гурт пушысты,
А збоку дробныя, як качак статкі.
На захадзе хмурынка з беражком нягладкім
