Калочкі выпусціў, падняў угору рукі,
А шапка лісяя звалілася на плечы.
Развейваў ветрык бараду старэчы,
Пунсовым шчокі заірдзеліся адценнем,
А зрок яго юнацкім палымнеў натхненнем.
Як зноў Дамброўскага перад сабою ўбачыў,
Закрыў рукамі вочы і прамовіў з плачам:
'Пан генерал,- сказаў,- даўно Літва ўжо наша
Цябе чакала, як габрэі Месіяша,
Цябе і спевакі прарочылі між людам,
І неба твой прыход нам аб'явіла цудам,
Жыві, ваюй, ты наш...' І плакаў небарака,
Бо польскі край любіў не меней за паляка.
Руку падаў яму Дамброўскі ўсхвалявана,
Ён шапку зняў, пацалаваў руку з пашанай.
І паланез пачаць пара. Дык Падкаморы
Вылёты кунтуша закінуў, рушыў скора,
З паклонам ветлівым руку к вусам узносіць,
Збліжаецца да Зосі і у танец просіць.
За Падкаморым пары сталі шчыльным радам,
Пачаўся танец - ён камандуе парадам.
Над зеленню чырвоныя ірдзеюць боты,
Б'е ззянне з шаблі, свеціць пояс пазалотай,
А ён ідзе памалу, быццам так, нарокам,
Але за кожным рухам і за кожным крокам
Танцора пачуццё і думка праглядае.
Вось стаў, як быццам даму запытаць жадае,
Схіляе к вушку галаву, глядзіць у вочы.
Саромеецца дама, выслухаць не хоча.
Ён зняў канфедэратку, просіць вінавата.
Зірнула дама, ды маўчыць яшчэ заўзята.
Ён памалей ступае, заглядае ў зрэнкі
І раптам засмяяўся. Рады, ля паненкі
Хутчэй ідзе, глядзіць навокал з недавер'ем,
Сваю канфедэратку з белай чаплі пер'ем
Насуне, то ізноў адслоніць волас русы,
Аж вось звярнуў яе на вуха, круціць вусы.
Ідзе, а ўсе зайздросцяць, даганяюць жвава,
А ён хацеў бы з дамай вымкнуцца з забавы,
Часамі стане, ветліва руку узносіць
I, каб яго міналі, ўсіх ласкава просіць.
А часам ухітраецца і ўбок захіліць,
Мяняе сцежку, думае, сяброў мо змыліць,
Але бягуць за ім дакучліва і хутка,
І нельга вырвацца з таго жывога скрутка.
Дык злы, руку кладзе на шаблі рукаятку,
Як бы казаў: 'Зайздросных навучу парадку!'
І з выклікам адважным на чале і ў воку
Ідзе ў натоўп, а той яго не смее кроку
Спыніць і расступаецца, змяніўшы шыкі,
Аднак усе бягуць за ім.
Гудуць ускрыкі:
