Раней пісаў ён рыфмай у сталіцы оды,
Пасля уздзеў мундзір ды ўсё быў белетрыстам.
Вось Возны прачытаў радкоў ужо са трыста,
А як дайшоў да месца: 'Ты, якой прыгожасць
Прыемны будзіць боль і мучыць страшна можа!
Калі ты на Беллону звернеш твар цудоўны,
Зламаюцца шчыты і пікі, безумоўна.
Зваюй Гіменам Марса, з гідры злой нязгоды
Рука твая гадзюк хай вырве назаўсёды!..' -
Тадэвуш з Зофіяй у ладкі пляскаць сталі,
Але, папраўдзе, не хацелі слухаць далей.
Вось, стаўшы на стале, ксёндз голасам магутным
Тадэвушаву волю аб'явіў прысутным.
Пачуўшы навіну так важную, сяляне
Да паніча падбеглі, кінуліся к пані.
'Няхай жывуць пан з паняю!' - крычалі ў згодзе.
Тадэвуш крыкнуў: 'Роўнасць хай жыве ў народзе!'
Дамброўскі мовіў: 'За народ падымем чашы!'
Народ крычаў: 'Жывуць хай камандзіры нашы!
Хай армія жыве! Свабода! Люд наш просты!'
І так ішлі чаргой віваты, крыкі, тосты.
І толькі Бухман радасці прычын не бачыў,
Праект хваліў, але ахвотна б перайначыў,
А перш камісію б легальную назначыў,
Якая б... Часу грамадзе было замала,
Таму яна з яго парад не скарыстала.
Бо на замковага двара вялізарным абшары
Пасталі госці, пазбіраўшыся ўжо ў пары.
'Давайце паланез!' - чуваць навокал словы.
Прыводзяць афіцэры свой аркестр вайсковы,
Але Суддзя звярнуўся тут да генерала:
'Скажыце, каб капэлія крыху счакала,
Сягоння ж, знаеце, заручыны спраўляем,
А ў родзе нашым, страдаўнейшым звычаем,
У гэты дзень вясковыя музыкі граюць.
Вось дудары, скрыпач і цымбаліст чакаюць,
Вунь бедакі нярвуюцца, той скрыпку ўзносіць,
А вось дудар паклонам і вачыма просіць.
Калі адправіць іх, паверце мне, заплачуць.
Пры іхняй музыцы сяляне лепш паскачуць.
Няхай пачнуць, няхай пацешацца сяляне,
Тады паслухаем аркестравага грання'.
Даў знак.
Скрыпач абодва закасаў рукавы,
Грыф сціснуў, барадой прыпёрся да падставы
І смык, нібы каня, пусціў у ход з наскоку.
На гэта дудары, што там стаялі збоку,
Як крыллямі б'ючы, няспынным локцяў рухам
Мяхі сціскаюць, твары надзімаюць духам.
Падумаеш, што вось яны з таго задору,
Нібы Барэя дзеці, узлятуць угору.
Цымбалаў нестае.
Было музыкаў многа,
