Я чуў, што мужыкі ўрадзіліся ад Хама,
Габрэі ад Яфета, шляхта ўся ад Сіма,
Таму вось і пануем мы над абаімі.
Вядома, ксёндз іначай вучыць на амбоне...
Ён кажа, што ў старым было вось так законе,
Але калі Хрыстос, хоць з царскага быў роду,
Радзіўся ў стайні сярод простага народу,
Дык тым усіх зраўняў, прынёс любоў і згоду.
Няхай і гэтак будзе, калі йнакш не можна!
Тым больш, калі пачуў я, што з яснавяльможнай
Маёю паняй Зофіяй прайшла нарада.
Мне выпаўняць яе загад - пры ёй улада.
Але засцярагаю, каб вы ім не далі
Пустой свабоды, слоўнай, каб не прагадалі.
Нябожчык Карп пусціў сваіх сялян на волю,
А цар ім тройчы горшую прыдумаў долю.
Я раджу, мужыкам, даўнейшым абычаем,
Шляхоцтва даць і аб'явіць, што мы прымаем
Іх к гербам. Частцы даць, напрыклад, Паўказіца,
Другім сваю Ляліву хай дасць пан Сапліца.
Тады Рамбайла мужыка прызнае роўньм,
Калі той стане ўжо вяльможным і гярбоўным.
А сейм пацвердзіць.
Хай вас толькі не трывожыць,
Што перадача земляў моцна вас зубожыць.
Не дасць Бог, каб мазольныя я ўбачыў ручкі
Маёй сучаснай пані, Стольніка унучкі.
На гэта спосаб ёсць. Я знаю ў замку скрыню,
У якой ляжыць Гарэшкавых сталоў начынне,
Пры тым нашыйнікі, сыгнеты, бранзалеты
І зброя дарагая - шаблі, пісталеты.
Маёмасць добра захавана ад растраты,
Вам, пані Зофія, належыць скарб багаты.
Яго бярог, як вока, я - чаго таіцца?
Ад маскалёў ды і ад вас, паны Сапліцы.
Апроч таго я маю торбачку сваіх дукатаў,
Сабраных мною з падарункаў і зарплаты.
Я думаў, калі замак вернецца к нам зноўку,
За гэты грош направіць мур і абмалёўку.
Спатрэбіцца ён вам у гаспадарцы новай,
Дык к вам звярнуся, пан Сапліца, з прапановай:
Дазвольце жыць пры вас, пад панінай аховай
Гарэшкаў трэцяе ўжо нянчыць пакаленне.
Як будзе ў пані сын, прывіць яму уменне
Сцізорыкам валодаць. Войны надыходзяць,
А ў час ваенны хлопчыкаў жанчыны родзяць'.
Ледзь словы гэтыя сказаў стары Гервазы,
Калі паважным крокам надышоў Пратазы,
Схіліўся і дастаў з-за пазухі паперы.
Там панегірык быў вялізарны без меры,
Напісаны сяржантам з сённяшняй нагоды.
