Таму з'яўляюцца тваімі і сяляне.
Не смею лёсу іх змяніць без згоды пані.
А ў час, як зноў мы жыць у вольным краі сталі
Ці ж хопіць, каб сяляне столькі скарысталі
У тым, што пана на другога памянялі?
Што праўда, і ранейшы пан быў к ім ласкавы,
Ды невядома, як павернуцца ўсе справы,
Вось я салдат, і мы смяротныя абое,
Магу і не заўсёды згодным быць з сабою,
Лепш будзе, калі я зракуся ўлады панскай
І пад апеку права лёс аддам сялянскі.
Мы вольныя, хай будуць вольнымі й сядяне,
Аддайма ім зямлю на вечнае ўладанне,
Бо за яе яны крывавай працай плацяць
І цэлыя вякі ўсіх кормяць і багацяць.
Але хачу напомніць: з земляў перадачай
Даходы ў нас паменшацца, бо як жа йначай?
Я змоладу прывык да сціплага даходу,
Ты ж, Зофія, з высокага паходзіш роду
І правяла ў сталіцы маладыя годы,
Ці згодзішся застацца ў вёсцы назаўсёды
Шляхцянкаю?'
Дык Зося сціпла адказала:
'Жанчына я, аб гэтых справах знаю мала,
Вы мужам будзеце, для рад я маладая,
Што міла вам, таго й мая душа жадае.
Калі, ім даўшы волю, будзеш і бяднейшым,
То для душы маёй ты станеш даражэйшым.
Пра род свой мала ведаю і мала дбаю,
Была я сіратой бяздомнаю і знаю,
Што я была ў Сапліцаў за дачку прынята
І з ласкі іхняе вось ты мяне засватаў.
Я вёскі не баюся, хай сабе і годы
Жыла я ў горадзе даўней, але заўсёды
Сяло любіла, і мілейшыя мне куры
Былі заўжды, чым горад той чужы, пануры.
Калі я па людзях, па гулях сумавала,
Дык гэта ў час дзяцінства, а цяпер пазнала,
Што ў горадзе сумую. Як была зімою
У Вільні, дык ніяк не мела супакою
I сярод гуляў думала пра Сапліцова.
Тут мне знаёма ўсё, я молада, здарова,
Умею і ключы насіць, і працы не баюся,
Убачыш, як я гаспадарыць навучуся!'
А ў час, як Зося словы тыя дамаўляла,
З ёй побач стаў Гервазы, здзіўлены нямала:
'Я чуў,- сказаў,- Суддзя казаў мне пра свабоду,
Але не ведаю, нашто яна народу!
Баюся, ці няма тут выдумкі нямецкай,
Бо воля толькі нашай справай ёсць, шляхецкай!
Хоць, праўда, ўсе мы род выводзім ад Адама,
