Нямецкіх назваў больш у гэтай зграі,

Чым нашых польскіх! Хто іх распазнае!

I, пэўне, ў вас татараў ці мо туркаў многа,

Схізматыкаў, што ў іх ні веры, ані бога:

Сам бачыў - на жанчын у вёсках нападаюць,

Касцёлы грабяць, падарожных абдзіраюць!

Яны ў Маскву ідуць! Далёкая дарога!

І калі толькі кесар выбраўся без Бога!..

Я чуў, што ён ужо духоўнымі пракляты.

А гэта ёсць...' Мацей спыніў тут сказ пачаты,

Хлеб памачыў у боршч і стаў жаваць без слова.

І Падкамораму не ўсмак была прамова,

І моладзь загула. Суддзя ўмяшаўся ў свары

Аб'явай пра З'яўленне ў залі трэцяй пары.

Быў гэта Рэент, рэентам ізноў назваўся.

Ніхто яго пазнаць не мог - ён апранаўся

Заўжды па-польску, а цяпер праз Талімэну

Зрабіць быў змушаны ў адзежы перамену

І апрануцца па-французску адмыслова.

Відаць, што фрак адняў яму душы палову:

Ідзе, як кій глынуўшы, проста, нерухава,

Як жораў, і ні ўлева не зірне, ні ўправа.

Хоць твар спакойны, ды на ім відочны мукі:

Не знае, як зрабіць паклон, куды дзець рукі.

Ён жэсты так любіў - за пояс рукі ўсаджваў,

А пояса няма - дык вось жывот пагладжваў.

Памылку згледзеўшы, сумеўся небарака

І ўсунуў дзве рукі ў адну кішэню фрака.

Ідзе між кпін наўкольных, рад бы быў схавацца,

Ды змушан як злачынства нейкага стыдацца.

Аж здрыгануўся, Мацька згледзеўшы у залі.

А Мацек з Рэентам заўсёды сябравалі.

Цяпер на Рэента стары так глянуў злосна,

Што той спалохаўся, яму ўміг стала млосна,

І ад няёмкасці руку ўзняў зашпіліцца.

Дабрынскі ж толькі двойчы вымавіў: 'Дурніца!'

І так абурыўся за гэткае убранне,

Што з-за стала падняўся і без развітання

Сеў на каня крадком і выпхнуўся дахаты.

Тым часам Талімэна свой убор багаты

І прыгажосць паказваць цешыцца з нагоды,

Бо ўсё на ёй сягоння найсвяжэйшай моды.

Ў якой была сукенцы, галаўным уборы,

Дарма пісаць пяром, дарма ўсе абгаворы,

Мо пэндзаль паказаў бы цюлі і птыфэні,

Бландзіны, кашаміры, перлы і каменні,

Ружовасць твару, вока ўзбліскі, броваў цені.

Пазнаў яе і Граф, дык бледны ад знявагі,

Ускочыў з-за стала, шукаў ля боку шпагі:

'I гэта ты!- ускрыкнуў.- Ці тут злыя мары?

Ты на маіх вачах ідзеш з другім у пары?

Ілжывая, куды цябе нявернасць кліча?

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату