Пан генерал, ражны, што ў вас тут носіць кожны,
Нямецкія кійкі, што ў вас завуцца шпагі,
Вам не да твару, не для вашае павагі!
Вось мой Сцізорык я ля вашых ног складаю -
Ўсё самае мілейшае, што толькі маю.
Ніколі жонкі я не меў, дачкі, ні сына,
Ён быў мне жонкай і дзіцём і быў няспынна
Заўжды пры мне. І я ад рання аж да змроку
Ласкаў яго, а ўночы спаў ён каля боку!
Цяпер вісіць над ложкам, як закон габрэя,
Бо я не той ужо, рука мая старэе.
Я думаў, што са мной ён пойдзе ў глыб магілы,
Ажно наследніка сваёй знаходжу сілы!'
А генерал напоў з усмешкай, паўузрушан,
Сказаў: 'Адмовіцца ад дару буду змушан,
Бо ты, аддаўшы жонку мне сваю і сына,
На старасць будзеш і ўдаўцом і сірацінай!
Якая ж плата дар твой можа ўзнагародзіць,
І што тваё ўдаўство, сіроцтва асалодзіць?'
'Ці ж я Цыбульскі,- Ключнік скрыўдзіўся не ў жарты,-
Які прайграў салдатам рускім жонку ў карты,
Як песню ў нас пяюць? Я задаволен гэтым,
Што мой Сцізорык 'шчэ заззяе перад светам
У гэткіх вось руках. Ды толькі, генерале,
Глядзіце, каб тасьму далёка распускалі,
Бо доўгі ён. Ад левага бярыце вуха
Аберуч, дык з пляча разрэжаце да бруха'.
Узяў Сцізорык генерал, ды ля папругі
Насіць не мог, у воз яго схавалі слугі.
Што сталася з ім потым, розна гаварылі,
Але ніхто не ведае да гэтай хвілі.
Дамброўскі мовіў Мацьку: 'Дружа, я ў здзіўленні,
Няўжо не рад ты нашаму сюды з'яўленню?
Маўчыш скваснелы! Як табе не скача сэрца
Ад тых арлоў на сцягах? Трубы на паверцы
Табе над вухам слаўны марш Касцюшкаў граюць!
Мацей, ты не такі, як аб табе тут баюць.
Я думаў, што калі ты на каня не ўскочыш,
То хоць з усімі намі піць, гуляць захочаш!
За кесара падымеш тост і за надзеі!'
'Га! - адказаў Мацей,- я бачу ўсе падзеі!
Ды разам двух арлоў ніхто не зможа згнездзіць!
А ласка пана на кані пярэстым ездзіць!
Напалеон - герой, ніхто таго не скрые!
Але Пуласкія, мае сябры старыя,
Казалі, паглядаючы на Дымур'ера,
Што нам трэ' польскага героя-кавалера,
Не італьянца, не француза, але Пяста -
Юзэфа, Яна ці Мацея - вось і баста.
Тут, кажуць, войска польскае, ды фізільеры,
Сапёры, гранадзеры і кананіеры!
