Шмат гаварыць!-яно нітое ані сёе!
Мяне там шляхта акружыла, ты ж ледзь згледзеў,
За стол вядзеш адразу, дзякую, суседзе'.
Сказаўшы, адвярнуў талерку дном угору
І змоўк з абліччам поўным нейкага дакору.
'Дык, пан Дабрынскі,- мовіў генерал Дамброўскі
Ты гэта той рубака слаўны касцюшкоўскі,
Мацей, празваны Розгай! Ведаю з дзён славы!
А ты яшчэ бадзёры, бачу, і рухавы!
А колькі год мінула! Я ўжо стаў хіліцца,
Вунь і ў Князевіча ўжо волас серабрыцца,
А ты яшчэ супроць любога мог бы выйсці.
І Розга, пэўне, так цвіце, як і калісьці.
Я чуў, што маскалёў ты адсцябаў нядаўна.
А дзе ж твае браты, што б'юцца гэтак спраўна?
Пабачыць Брытвы і Сцізорыкі я мару -
Апошнія Літвы даўнейшай экземпляры'.
'А после той,- Суддзя прамовіў,- перамогі,
Дабрынскія пайшлі ў далёкія дарогі,
Магчыма, што прыпісаны дзе й к легіёну'.
'I праўда,- адазваўся збоку шэф швадрона,-
У нас у роце ёсць вусатае страшыдла,
Вахмістр Мацей Дабрынскі, прозвішчам Крапідла,
Мазуры ж называюць 'шчэ яго Мядзведзем,
Яго прывесці можна, ён тут блізка недзе'.
'I ёсць, - сказаў хтось,- тут з Літвы другія родам,
Адзін з іх Брытваю празваны між народам,
Ёсць і другі, якога знаюць па трамблёне,
І гранадзеры ёсць два ў пешым батальёне
Дабрынскія'.
'А дзе ж ваш, славаю акрыты,-
Прамовіў генерал,- Сцізорык знакаміты,
Так панам Войскім мне сягоння выхваляны,
Нібы той волат казачны ці легендарны?'
'Сцізорык,- Войскі адказаў,- не аддаляўся,
Ды следства баючыся, ад Масквы хаваўся.
Усю зіму правёў у лесе, небарака,
Цяпер вось толькі выйшаў. Ён герой-ваяка,
Пайшоў бы й на вайну, бо ваяваць заўзяты,
Але шкада, што ўжо даволі стараваты.
Ды вось і ён!..' Тут Войскі паказаў у сені,
Дзе ў слуг натоўпе і цікаўных акружэнні
У той час лысіна вялікая заззяла,
Як поўня месяца, і тройчы то знікала,
Бы ў хмары, то ўзнімалася з-паміж народу,
Бо Ключнік кланяўся. Пралезшы, зараз з ходу
Сказаў:
'Яснавяльможны пане наш Гетмане
Ці генерале, ды тут важнае не званне,
Вось я Рамбайла стаў на вашае жаданне
З маім Сцізорыкам, якому бой крывавы
І гарт, а не прыгожасць назбіралі славы,
Аж нават вы аб ім пачулі, генерале.
