А Войскі абыходзіў свой сервіз наўкола
І пазіраў на ўсіх з трыумфам і вясёла.
Дамброўскі Генрых выразіў сваё здзіўленне
І мовіў: 'Ці кітайскія мы бачым цені?
Ці мо Пінэты бесаў вам прыслаў на службу?
Ці ўсе ў Літве з сервізамі трымаюць дружбу
І гэтакім старым балююць абычаем?
Скажы мне, бо я ўсё жыццё правёў за краем'.
'О не,- прамовіў Войскі,- мой яснавяльможны
Пан генерал, тут не якісьці чар бязбожны!
А толькі памятка аб тых бяседах слаўных,
Якія у дамах бывалі старадаўніх,
Калі наш край яшчэ магутны быў, багаты!
А стравы ўсе вось з гэтай кнігі мною ўзяты.
Пытаеш, ці ў Літве звычай стары хаваем?
На жаль, сягоння новым сталі жыць звычаем.
Не раз крычыць паніч, што ён не церпіць збыткаў,
А скупіцца гасцей карміць, падаць напіткаў,
Венгерскага шкадуе, цешыцца шатанскім
Маскоўскім сфальшаваным нейкім там шампанскім,
А потым вечарам праграе столькі ў карты,
Што баль на сто пярсон сум гэтакіх не варты.
А нават (бо што маю, то скажу адкрыта,
І хай пан Падкаморы не глядзіць сярдзіта)
Калі задумаў за сервіз я гэты ўзяцца,
Дык на'т пан Падкаморы стаў з мяне смяяцца!
Казаў, што з гэтай старасвецкае махіны
Забаўка можа быць для дробнае дзяціны,
А гэтакіх гасцей яна напэўна знудзіць!
Суддзя і той казаў, што толькі ўсіх утрудзіць!
Аднак, на колькі бачу з вашага здзіўлення,
Сервіз мой быў прадметам нават захаплення.
Магчыма, што ўжо я ў мае старыя годы
Такіх гасцей прымаць не буду мець нагоды.
Пан генерал, відаць, толк ведае ў бяседзе,
Прашу ўзяць гэту кнігу - згодзіцца вам недзе,
Як будзеце прымаць манархаў, чэсці вартых,
А можа, нават і самога Банапарта.
Ды перш скажу, як кніга кухарскай навукі,
Вось гэта, трапіла дзівосна ў мае рукі'.
Тут раптам галасы знадворку загудзелі:
'Ура! Няхай жыве наш Пеўнік на касцеле!'
Таўпяцца ўсе, убачыць Мацька ўсе хацелі.
Суддзя насустрач госцю зразу паспяшае,
Вядзе к гасцям за руку, сесці запрашае
І кажа: 'Пан Мацей, нядобры мой суседзе,
Прыходзіш позна, ледзь не па абедзе'.
'Ем рана,- кажа Мацек,- я тут не для стравы,
А для таго, што мне здаўна было цікава
Пабачыць зблізку наша войска удалое.
