Тут маладых з'явілася другая пара.

Асэсар, што нядаўна царскім быў жандарам,

Цяпер напалеонаўскай служыў уладзе.

І хоць і дня на новай не прабыў пасадзе,

Ужо насіў мундзір такі, як у палякаў,

Цягнуў крывую шаблю і у шпоры 'звякаў'.

Паважна побач крочыла яго каханка -

Прыбраная прыгожа Тэкла Грачашанка,

Бо ўжо даўно Асэсар Талімэну кінуў

I, каб какеткі боль сардэчны не пакінуў,

Свае пачуцці на Вайшчанку перакінуў.

Яна мо пражыла гадоў каля паўвеку,

Ды гаспадарлівай была і чалавеку

Пасагу ўносіла, апроч уласнай вёскі

І ад Суддзі ў гатоўцы значны дар сяброўскі.

А трэцяй пары ўсё няма, дык раз каторы

Суддзя шле слуг, каб там хутчэй канчалі зборы.

Вяртаюцца: няма ў пакоі маладога,

Пярсцёнка дзесь шукае, бо, як гнаў касога,

На лузе мо згубіў, а Рэентава дама

Яшчэ рыхтуецца. Хоць там прыладаў крама

І хоць спяшаецца з дзяўчатамі ад рання,

Усё ніяк не можа скончыць прыбірання.

Гатова будзе ля чацвертай мо гадзіны.

Кніга дванаццатая. Кахаймася!

Змест: Апошняя старапольская бяседа. Архісервіз. Тлумачэнне яго фігур. Яго рухі. Адораны Дамброўскі. Яшчэ пра Сцізорык. Адораны Князевіч. Першы дзяржаўны акт Тадэвуша пры перайманні спадчыны. Заўвагі Гервазага. Канцэрт над канцэртамі. Паланез. Кахаймася!.

Вось грукнулі дзвярэй абедзве палавіны.

Заходзіць Войскі ў залу з урачыстай мінай,

Ён не вітаецца і месца не займае,

Бо Войскі сёння ў новай ролі выступае:

Прыдворны маршал ён. Як знак сваёй пасады

Трымае посах, неабходны для абраду -

Паказваць, хто і дзе, ў якім парадку сядзе.

Найперш таму, хто сёння ў ваяводскай радзе -

Маршалку-Падкамораму, з пашаны к госцю,

Даў крэсла з аксамітам і слановай косцю.

Направа ад яго сеў генерал Дамброўскі,

А леваруч Князевіч, Пац і Малахоўскі,

Між іх - Падкамарына. Афіцэры, пані

І шляхта - ўсе прысутныя на святкаванні,

Мужчыны і жанчыны - кожны так сядае

Па пары, як пан Войскі сесці загадае.

Суддзя перапрасіў паноў усіх і паняў

І выйшаў на дзядзінец, дзе яго сяляне

Чакалі ля стала на гоні мо даўгога,

Дык там прысеў з канца, а плебан сеў з другога.

Тадэвуш ані Зофія за стол не селі,

А між сталамі ходзячы, пілі і елі.

Такі ўжо звычай, што павінны пані з панам

Падчас банкету першага служыць сялянам.

Тым часам госці, што знаходзіліся ў залі,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату