На велічны сервіз цікаўна пазіралі,
Бо гэтакіх яшчэ не бачылі дзівотаў.
Яго калісьці быццам Радзівіл-Сірота
Прывёз з Венецыі. У месце тым, быць можа,
Ён быў і зроблены на польскі лад, прыгожа.
Пасля ён трапіўся падчас напасці шведскай,
Няведама адкуль і як, сям'і шляхецкай.
Сягоння, выняты на дзень святочны гэты,
Ляжаў сярод стала, як кола ад карэты.
Сервіз той быў напоўнены аж вышай сценак
Бліскучай беллю цукраў, снегам лёгкіх пенак.
Нагадваў ён дакладна краявід зімовы:
У цэнтры быў з варэння чорны бор сасновы,
Паводдаль - хаткі, быццам вёскі і засценкі,
Абсыпаныя шэранню цукровай пенкі.
На беразе начыння шмат парасстаўляных
Было фігурак фарфуровых выдзіманых.
У польскіх вопратках усе, нібы на сцэне
Яны паказвалі якоесьці здарэннне.
Такая размалёўка, жэсты ў іх такія,
Што ледзь не загавораць зараз, як жывыя.
Якое ж іх значэнне, госці ўсе пьггалі,
Дык Войскі мовіў, як прыціхла трохі ў залі
(Якраз разносілі гарэлку ў той часіне):
'З дазволу ўсіх гасцей, што расказаць прасілі
Пра гэты вось натоўп пярсон размаляваных,
Скажу, што сеймік польскі тут адлюстраваны,-
Галасаванне і трыумф, нарады, звады.
Я ўсё тут разгадаў і растлумачыць рады.
Вось тут направа бачым шляхты згуртаванне,
Відаць, што склікана яна для частавання;
Чакае стол накрыты, ды гасцей не садзяць,
Яны пасталі купкамі, аб чымсьці радзяць.
Глядзіце, ў кожнай купцы маем чалавека,
3 якога вуснаў, рук, адкрытых воч, павекаў
Відаць, што прамаўляе, слухачам тлумачыць
І пальцам на далоні нешта цвёрда значыць:
Вядзецца агітацыя за кандыдатаў,
Ды з розным вынікам, не кожны ўсіх раскратаў.
У гэтай тутка купцы слухаюць ахвоча,
Той вуха прыхіліў, пачуць дакладна хоча,
Той з даланёй ля вуха, каб дакладна ўцяміць
І пільна нанізаць пачутае на памяць.
Прамоўца рад, што мова гэтак іх займае,
Дык гладзіць кішаню: іх галасы ўжо мае.
У трэцяй групцы ўжо зусім другія справы,
Прамоўца слухачоў хапае за рукавы,
Глядзіце! Рвуцца, чымсьці ўгневаныя, пэўна.
А гэты во, глядзіце, як надзьмуўся гнеўна,
Руку узняў, заткнуць прамоўцы вусны рвецца,
Бо той праціўніка стаў выхваляць, здаецца.
А гэты, быццам бык, нагнуўся злы і строгі,
Сказаў бы, што прамоўцу хоча ўзяць на рогі,
